“Створаны ландшафт, у якім Мірскі замак не ўспрымаецца як сярэднявечны"

Як даведалася Еўрарадыё, у лістападзе-снежні Мірскі замак наведаюць эксперты ЮНЭСКА. Магчыма, таму міністэрства культуры, нарэшце, убачыла праблемы ў рэстаўрацыі. ФОТАРЭПАРТАЖ
Як заўважае старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, найбольшыя прэтэнзіі — да добраўпарадкавання ландшафту прылеглай тэрыторыі.

Антон Астаповіч: “Складаецца ўражанне, што добраўпарадкаванне робіцца як нейкая самамэта і Мірскі замак папросту з’яўляецца невялічкім фрагментам гэтага новага рукатворнага ландшафтнага дызайну”.

На думку эксперта, “адрэканструяванае” з дапамогай сучасных будматэрыялаў наваколле замку перашкаджае нармальнаму ўспрыняццю помніка.

Антон Астаповіч: “Гэты новадзел: масіўная агароджа, масіўны ўваходны партал, вось гэтыя дарожкі з бетону, з тратуарнай пліткі, рознакаляровыя, стракатыя, нейкія штучныя клумбы — адным словам, створаны такі ландшафт, у якім замак увогуле не ўспрымаецца як сярэднявечны аб’ект”.

Прыклад бяздумнага падыходу — працы ў пейзажным парку, закладзеным у ХІХ стагоддзі. У парку высаджваюць дрэвы, якія селекцыянеры стварылі пасля Другой сусветнай вайны!!!

Антон Астаповіч: “Высаджваюцца нават такія пароды дрэваў і ў такой сукупнасці, якія ніколі ў парках не былі, якія селекцыянеры стварылі пасля Другой сусветнай вайны. У парку ўжо пачалася высечка старых пародаў дрэваў, але ж гэта было ўжо своечасова спынена”.

Спыніць знішчэнне старадаўняга парку атрымалася толькі пасля асабістага ўмяшальніцтва міністра культуры Паўла Латушкі. У сераду 2 верасня ў Міры адбылося паседжанне Рэспубліканскай навукова-метадычнай Рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Акрамя чыноўнікаў і навукоўцаў у Мір запрасілі грамадскіх актывістаў.

Удзельнікі паседжання зрабілі выснову, што выправіць зробленыя памылкі яшчэ рэальна. У бліжэйшы час будзе распрацаваны план кіравання замкам і план аховы прылеглай тэрыторыі. Антон Астаповіч перакананы, што і аднаўленне паркаў таксама адбудзецца — пры ўмове навуковага падыходу і актыўнасці грамадства. Пры гэтым, падкрэслівае старшыня Таварыства аховы помнікаў, пад аднаўленнем важна разумець не звычайную высадку дрэваў, а менавіта вяртанне да традыцыйнага ландшафтнага мастацтва Беларусі.

Антон Астаповіч: “Трэба тут вярнуцца менавіта да традыцыі паркавага дойлідства ХІХ стагоддзя. Захаваліся ж апісанні паркаў, захаваліся інвентары паркаў — папросту выкарыстаць тыя пароды дрэваў. Там жа не трэба поўнасцю гэта ўсё высаджваць — папросту выкарчаваць пазнейшыя гэтыя напластаванні недарэчныя. А тое, што пэўныя ўчасткі, калі страчаныя, пасадзіць менавіта ў тых традыцыях садова-паркавага мастацтва, якія існавалі ў нас напрыканцы XVIII-XIX стагоддзяў”.

Як заўважае гісторык Ігар Трусаў, пры добра арганізаванай працы ўратаваць Мірскі замак яшчэ можна. Аднак, па словах Трусава, трэба яшчэ ствараць нацыянальную рэстаўрацыйную школу, ды запрашаць замежных экспертаў.

Ігар Трусаў: “Звычайна кажуць: недахоп грошай. Хутчэй за ўсё, гэта недахоп арганізацыйных момантаў. Нават таго бюджэту, які сёння выдзяляецца на рэстаўрацыю, яго хапіла б, калі б гэтыя грошы правільна размяркоўвалі”.















На здымках: так выглядаў старажытны парк каля Мірскага замку падчас леташніх "рэстаўрацыйных" работ

Фота парку — Марына Лапета, фота Мірскага замку — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі