Вы тут

СТБ і АНТ распавялі пра дзве скрынкі "кактэйляў Молатава" ў Мінску

Фота: ctv.by

Тэлеканалы СТБ і АНТ распавялі пра дзве скрынкі "кактэйляў Молатава" ў Мінску. Іх, нібыта, знайшлі ў аўтамабілі прыхільніка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча 32-гадовага Сяргея Кунцэвіча. Сцвярджаецца, што легкавік быў прыпаркаваны на стаянцы каля Акадэміі навук 23 сакавіка і трапіў пад аператыўнае назіранне КДБ (дзяржбяспека атрымала інфармацыю "пра падрыхтоўку правакацый").

Раніцай 25 сакавіка, яшчэ за некалькі гадзінаў да пачатку запланаванай апазіцыйнай акцыі, у сацсетках з'явілася відэа — на вуліцы Акадэмічнай невядомыя людзі ў цывільным паклалі на асфальце расцяжку са словам "Баста", побач стаялі бутэлькі з нейкай вадкасцю, і яны вялі відэаздымку. Тады ўзніклі падазрэнні, што рыхтуецца нейкая правакацыя.

Згаданыя сюжэты на тэлеканалах з'явіліся ўвечары ў суботу. Сцвярджаецца, што ў аўтамабілі былі дзве скрынкі "кактэйляў Молатава" — 40 бутэлек. Згадваюцца банеры, налепкі, гукаўзмацняльная апаратура. Сам Кунцэвіч у сюжэце СТБ сказаў, што мусіў падвезці Мікалая Статкевіча. Дарэчы, дзе знаходзіцца палітык, дагэтуль невядома. Кунцэвіча змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.