Старыкевіч: Абараніць выданні могуць толькі чытачы

Такое меркаванне выказаў у жывым эфіры Еўрарадыё намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандр Старыкевіч.

Старыкевіч: "Ёсць такое рускае слова "беспредел". На маю думку, гэта найлепшая характарыстыка для паводзінаў уладаў у гэтай сітуацыі. Удар наносіцца па двух знакавых выданнях. І гэта адначасова месідж усім астатнім, што калі зачыняць "Народную Волю" і "Нашу Ніву", то, адпаведна, на наступных ніхто і зважаць не будзе. Натуральна, разлік на тое, што тыя, хто застанецца, увядуць самацэнзуру. Я перакананы, што не абмяжуецца толькі гэтым — будзе яшчэ ўдар па найбольш папулярных інтэрнэт-рэсурсах".

На думку Старыкевіча, міжнародная супольнасць не можа паўплываць на рашэнне афіцыйнага Мінску. Дый на справядлівае правасуддзе эксперт не разлічвае:

Старыкевіч: "На судзе шанцаў абараніць гэтыя газеты няма. Бо суд агучыць той прысуд, які будзе вынесены ў іншых кабінетах. Абараніць маглі б чытачы, але яны пра гэта павінны былі б заявіць голасна. А ўявіць сабе гэта ў апошнія гады ў Беларусі вельмі і вельмі складана".

Журналіст кажа, што адной з асноўных прычынаў закрыцця "Нашай Нівы" і "Народнай Волі" была папулярнасць газет. На яго думку, выданням не ўдасца проста сысці ў інтэрнэт:

Старыкевіч: "Я мяркую, што справа не абмяжуецца закрыццём гэтых выданняў, калі да яго дойдзе. Падобна, чакае ўдар па ўсіх напрамках".

Ці выступяць чытачы ў падтрымку сваіх улюбёных выданняў, пабачым неўзабаве.

Фота: baj.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі