“Стары Ольса” абвінавачвае раcійскую “Камсамолку” у крадзяжы музыкі

Журналісты расійскай “Комсомольской правды” без дазволу выкарысталі музыку гурта “Стары Ольса”. У фільме пра расійскага нацыяналіста Германа Сцерлігава гучаць кавалкі з некалькіх кампазіцый мінскага гурта.

“Самае большае, што крыўдзіць — іх стаўленне да нас, як да нейкай каланіяльнай уласнасці, што тычыцца і тэрыторыі, і мовы, і культуры, і, у прыватнасці, музыкі. Не звяртацца, не пытаць дазволу, а проста смела браць і выкарыстоўваць, — абураецца лідар гурта Зміцер Сасноўскі. — Прычым, не самі людзі, пра якіх гэтае кіно ці рэпартаж распавядае, у гэтым вінаватыя, а менавіта маскоўскае, снобскае, сталічнае, хамскае стаўленне да ўсіх, як яны лічаць, правінцый сваёй імперыі, якая застаецца ў іх галовах ідэалагічна, культурна і ментальна”.

“Стары Ольса” сутыкаецца з падобнай праблемай не ўпершыню. Зміцер Сасноўскі кажа, што раней сітуацыю можна было выправіць з дапамогай Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. А цяпер, пасля звальнення часткі супрацоўнікаў НЦІУ, змагацца з расійскімі выдаўцамі і СМІ проста бессэнсоўна.

“Мы — Моська ў параўнанні з імі”, — пераконвае музыка. Адзінае, што ён можа зрабіць у дадзенай сітуацыі — гаварыць пра яе ў беларускай прэсе і даносіць абсурднасць сітуацыі да беларусаў.

“Калі пабілі на вуліцы Тодара Кашкурэвіча за беларускую мову, я паехаў яго падтрымаць. Я прыехаў і сустрэў чалавека-крэмня! Ён, увесь перавязаны, быў здольны сам каго хочаш падтрымаць! Яго брат з Германіі тэлефануе і кажа, што забярэ яго адсюль. А ён адказвае: “Я не паеду да цябе! У вас там сумна, у вас няма нічога бурлівага! У нас вайна нават на вуліцы, нават на моўным узроўні! Мы на фронце! Мы на перадавой! У нас падзеі культурніцкія адбываюцца!” Тое самае і тут”, — рэзюмуе Сасноўскі.

Зміцер лічыць, што становішча, у якім апынуўся “Стары Ольса” “нармальнае, шараговае, ваяўнічае, злое становішча”, аднак яго трэба вырашаць на карысць беларусаў. І “не дазваляць нашай музыкай, нашымі намаганнямі прыносіць карысць на чужы млын”.

Нагадаем, некалькі гадоў таму таварыства “Родноверы” выдала песні “Старога Ольсы” пад назвай “Древнерусская музыка”. Тэлеканал НТВ таксама без дазволу музыкаў агучыў іх творамі перадачы пра Каўказ, а адна з расійскіх кампаній незаконна гандлявала рынгтонамі з песень гурта.

Фота: another.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі