Стала вядома, як загінулі беларускі ў Грузіі

Стала вядома, як загінулі беларускі ў Грузіі

Грузінскія ратавальнікі распавялі падрабязнасці пра трагічную гібель беларускіх турыстак, паведамляе TUT.by. 

Як распавядала Еўрарадыё, тры жанчыны згубіліся ўвечары 14 жніўня пры спуску з гары Тэтнульдзі ў Грузіі. Іх шукалі ўсю ноч, у тым ліку з выкарыстаннем верталёта памежнікаў. Зранку 15 жніўня грузінскія ратавальнікі знайшлі зніклых. На жаль дзве жанчыны загінулі, трэцяя атрымала раненні.

Выжылую беларуску даставілі ў лякарню горада Месція. Ёй аказвае дапамогу хірург. Жанчына знаходзіцца ў прытомнасці, хаця і мае раны на галаве. Ёй 52 гады. 

Адзін з грузінскіх ратавальнікаў, які ўдзельнічаў у пошуку беларусак, паведаміў, што група турыстаў падзялілася на дзве часткі. Тры жанчыны ішлі разам, у адной звязцы і сарваліся з грэбеня гары. 

"Там была адна вялікая група беларусаў, але яны чамусьці падзяліліся: хтосьці наперад пайшоў, хтосьці застаўся ззаду. Зніклыя жанчыны пайшлі наперад. Турысты, якія былі ззаду, думалі, што тыя ўжо вярнуліся ў лагер і будуць іх чакаць у палатках. Але калі спусціліся, там нікога не было, таму прыкладна ў 18:00-19:30 сталі тэлефанаваць ратавальнікам. Ужо пачынала цямнець. Мы падняліся на 4300 метраў на крайні грэбень, дзе гэта ўсё здарылася. Свяцілі ліхтарыкам, крычалі, але ніякіх прыкмет жыцця не было. Сёння раніцай выпадкова заўважылі ліхтарык — адна з жанчын свяціла ім з расколіны. Якая выжыла, "пракацілася" па снезе і лёдзе прыблізна метраў 500. Пераломаў ў яе нібыта не было — ногі і рукі цэлыя, размаўляла таксама нармальна", — распавёў ён падрабязнасці.

Ратавальнік адзначае, што месца, дзе сарваліся турысткі, даволі небяспечнае. На яго думку, жанчыны вельмі стаміліся пры пад'ёме на гару і падчас спуску адна з іх магла страціць раўнавагу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі