Справу экс-дырэктара ГУМа перадалі ў суд

Пракуратура перадала ў суд справу экс-дырэктара мінскага ГУМа Аляксандра Крэпака / prokuratura.gov.by​
Пракуратура перадала ў суд справу экс-дырэктара мінскага ГУМа Аляксандра Крэпака / prokuratura.gov.by​

Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да былога дырэктара сталічнага ГУМа Аляксандра Крэпака. Яго абвінавачваюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, злоўжыванні імі, а таксама ў атрыманні хабараў.

Паводле версіі следства, Крэпак аказваў "садзейнічанне" сваім знаёмым прадпрымальнікам і лабіраваў іх інтарэсы яшчэ з 2014 года, калі займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. Затым некалькі гадоў ён працаваў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, а вясной 2020-га года стаў дырэктарам ГУМа.

Увесь гэты час ён дапамагаў сваім знаёмым прадпрымальнікам у зносінах з кіраўнікамі розных камунальных кампаній, дзяліўся службовай інфармацыяй. За гэта "яму давалі грашовыя сродкі, розныя рэчы і паслугі ў суме не менш за 48 тысяч рублёў", расказалі ў пракуратуры.

Стаўшы дырэктарам ГУМа, Крэпак дапамагаў знаёмым выйграваць тэндары і заключаў дамовы на набыццё і рэалізацыю прадукцыі. За гэта ў якасці ўзнагароджання атрымаў хабар "у памеры не менш за 14,9 тысяч рублёў, а таксама абяцанне 10-працэнтнай долі ў бізнесе з магчымасцю атрымання дывідэндаў".

Крэпак застаецца пад вартай. У пракуратуры пакінулі без зменаў выбраную для яго меру стрымання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі