Спадарожнікавы тэлеканал “TV Беларусь” пачне працу ў лістападзе

Польскае грамадскае тэлебачанне зацвердзіла ў сваёй структуры спадарожнікавы тэлеканал “TV Беларусь” (гандлёвая марка “Белсат”).
Паводле словаў каардынатара праекта карэспандэнта Польскага грамадскага тэлебачання Агнешкі Рамашэўскай, гэта дазволіць завяршыць працу над арганізацыйнай структурай тэлеканала.

Зараз плануецца тэндэр на закупку абсталявання, працягваецца стажыроўка беларускіх журналістаў. Тэлеканал “TV Беларусь” плануе пачаць працу ў лістападзе.

Нагадаем, пагадненне аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала было падпісанае ў красавіку паміж Польскім грамадскім тэлебачаннем і Міністэрствам замежных спраў Польшчы. Праект будзе фінансавацца з рэзервовага бюджэту Польшчы. Сёлета на “TV Беларусь” плануецца выдаткаваць каля 4 мільёнаў еўра.

Тым часам лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч заклікаў еўрапейскіх палітыкаў падтрымаць спадарожнікавы тэлеканал. Ён накіраваў адпаведную заяву прэзідэнту Еўрапарламента, еўракамісару па знешніх сувязях і палітыцы дабрасуседства і старшыні камісіі замежных спраў Еўрапарламента.

“Для дэмакратычных сілаў і грамадскай супольнасці свой канал сатэлітарнага тэлебачання стане пачаткам незалежнай і дэмакратычнай дзяржавы”, — гаворыцца ў заяве палітыка.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі