Сонцам сагрэтыя: гурт Navi прэзентаваў беларускамоўную праграму

Гурт Navi завяршыў год утульным канцэртам у мінскім клубе “ДК”. Музыкі прэзентавалі свой другі лонгплэй “Сонцам сагрэтыя”, які стаў дэбютнай спробай каманды стварыць цалкам беларускамоўную пласцінку. Як распавядаюць самі музыкі, праграма з выключна беларускамоўных песень нарадзілася ў гурта спантанна напрыканцы лета. Navi вырашылі не адкладваць справу, і так з’явіўся альбом “Сонцам сагрэтыя”.

“Я ўжо 4 тыдні як прыхільнік Navi, — дзеліцца ўражаннямі Віталь, які даведаўся пра гурт на курсах “Мовананова”. — І першая частка канцэрта з прэзентацыяй беларускамоўнага альбома была суперская. Вядома, гэта іх творчасць і яны самі вызначаюцца, якой яна будзе. У любым выпадку, добра, што ў нас развіваецца гэты накірунак — я за мастацтва на беларускай мове”.

З першымі ж песнямі ўтульная зала клуба “ДК” афарбавалася сонечнымі промнямі энергетыкі гурта. Першая частка канцэрта складалася з песень новай беларускамоўнай праграмы. За ёю следам — песні з першага альбома Navi, “Лови”, і зусім новыя кампазіцыі. Музыкі нібыта распавядалі ў песнях сваю гісторыю – дзяліліся чымсьці самым патаемным. За гэтую шчырасць многія слухачы і ўліваюцца ў шчыльныя шэрагі прыхільнікаў гурта.

Павіншаваць дуэт з новым альбомам прыйшлі і іншыя беларускія музыкі. Лідар гурта “Палац” Алег Хаменка падарыў Ксеніі Жук кветкі, а рэпер Pashkowski з’явіўся на сцэне, каб выканаць разам з Navi песню “Minsk My Love”.

“Праграму я чуў яшчэ да выхаду альбома, яна мне вельмі “упірала”! — распавядае Pashkowski. — Вядома, крута — уся гэтая энергетыка ў суме з беларускай мовай. Бо беларускамоўных песень, сапраўды душэўных, у нас вельмі мала. Не ўлічваючы Akute. Але я не “цалёўка” гэтага гурта”.

Былі ў зале і тыя, хто вырашыў такім чынам правесці антыкрызісную тэрапію. Слухач Сяргей, які прыйшоў адмыслова на беларускамоўную праграму, крыху расчараваўся, што ёй была аддадзеная меншая частка канцэрта:

“Тое, што адбылося з нашым рублём у апошнія дні, мяне падштурхнула ўсё ж пайсці на канцэрт і падтрымаць беларускіх артыстаў! Шкада, што так мала было беларускамоўных песень, бо я чакаў, што яны складуць асноўную частку. Спадзяюся, на наступных канцэртах будзе наадварот!”

Што цікава, у клубе сабраліся людзі самых розных узростаў і, натуральна, жыццёвых поглядаў. Дзве гадзіны нон-стоп гучання — гурт Navi скончыў выступ, а людзі і не думалі сыходзіць. Тады музыкі заспявалі “на біс”. Добрая, сапраўдная сустрэча, жывыя, цёплыя вочы, шчырыя ўсмешкі і шмат дзёрзкай экспрэсіі — зрэшты, інакш на канцэртах Navi не бывае, кажуць даўнія прыхільнікі каманды.

“Я хачу расказаць свету, што ў нашай краіне ёсць такія цудоўныя музыкі, чым я вельмі ганаруся, — распавядае Алёна. — У іх выкананні беларуская мова нават загучала неяк па-іншаму! І я вельмі ганаруся тым, што такія прыгожыя і мілагучныя песні загучалі на беларускай мове. З’яўленне гэтага альбома — гэта вялікі крок не толькі ў іх творчасці, гэта вялікі ўклад у культуру нашай краіны ў цэлым”.

Амаль адразу пасля выступу Navi з’ехалі на гастролі, але да Новага года абяцалі вярнуцца. А ў 2015 годзе музыкі плануюць пачаць працу над новай пласцінкай. Зычым гурту поспехаў і новых песень на роднай мове!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі