СНГ "Бульфэст" парадаваў зайчыкамі-Nakай і дуэтам "Зміцер і Сонейка"

Вечар 13 студзеня ў “Рэактары” выдаўся сапраўды шчодрым: на атмасферу -хатнюю, музыкаў - дарагіх, падарункаў - жаданых, конкурсаў - цікавых і гледачоў - разняволеных. “Бульфэст”, падаецца, дагадзіў усім прысутным чарговай порцый пазітыву і пацвердзіў - “жыццё ў стылі рок-н-рол” у Беларусі магчымае!

“Бульфэстаўская” вечарынка пад Стары новы год выглядала утульнай і душэўнай, а адсутнасць аншлагу рабіла яе па-хатняму мілай і цёплай. Гэта падкупіла гледачоў.

Глядачка Наталля: “Стары новы год я увогуле не святкую, але на канцэрт прыйсці варта было. Атмасфера вельмі класная і вельмі цёплая. Дзякуй Вайцюшкевічу… Насамрэч вельмі ўтульна, вельмі па-дамашняму, вельмі цёпла. Нашмат горш, калі тут збіраецца паўтары тысячы чалавек і калі ўсе стаяць на галовах. А сёння дамашняя, навагодняя атмасфера. З Новым годам!”

Пра “…дзякуй Вайцюшкевічу”. Выступ Змітра ўзрушыў залу: спявак выканаў вядомыя і крыху забытыя песні на вершы беларускіх паэтаў, знакамітую “Я нарадзіўся тут”, а таксама вызначыў пераможцу ў конкурсе на лепшае выкананне песні “Бывайце здаровы”. У выніку ўзнік дуэт “Зміцер і Сонейка”: дзяўчына Сонейка атрымала запрашэнне на наступны канцэрт Вайцюшкевіча і аўтограф музыкі, а таксама падарунак ад спонсараў.

Апроч Змітра, на старанавагодняй “рэактараўскай” сцэне пабываў гурт OpenSpace. У Новы год хлопцы ўваходзяць з грандыёзным планам – запісам новага альбома!

Віталь Маціеўскі: “У Новы год гурт OpenSpace уваходзіць з новымі планамі. Самы галоўны наш план – запіс новага альбома. Мы ўжо паказалі чатыры песні, наперадзе яшчэ, падкажу, восем. То бок, хочам зрабіць вялікі паўнавартасны альбом. Пакуль не будзем распавядаць пра нейкія яго асаблівасці, але скажу, што будзем прытрымлівацца сваёй стылістыкі. Альбом будзе англамоўным, і, думаю, вясной можна чакаць яго прэзентацыі”.

Гурт Naka паўстаў перад гледачамі ў святочна-незвычайным выглядзе: замест гітарнага рок-гурта на сцэне з’явіўся вясёлы квартэт ў масках зайчыкаў на чале з Настай Шпакоўскай. Суправаджалі рок-князёўну баян і кантрабас!

Наста Шпакоўская: “Нас папрасілі выканаць тры вясёлыя песні. Я падумала: вясёлыя. Без гітарыста…Патрэбен кантрабас і баян”.

Нагадаем, зараз Naka знаходзіцца ў пошуках новага гітарыста. Па словах Насты Шпакоўскай, яго знаходка вызначыць наступныя крокі гурта.

Наста Шпакоўская: “У Новым годзе нас чакае праца. Чакае пошук музыкаў, бо, як аказалася, гэта няпростая справа – знайсці кваліфікаванага і яшчэ і ідэйна падыходзячага чалавека. Калі знойдзем, я спадзяюся, будзе чым пахваліцца. Зараз пакуль няма чым”.

Парадаваў аматараў рок-н-рола малады экспрэсіўны гурт Sang Sattawood і немалады акустычны “Палац”, які выканаў некалькі калядных песень. Завяршалі “бульфэстаўскі” Стары новы год у “Рэактары” сёрф-рокеры The Silicon: разам з гледачамі музыкі зладзілі сапраўдныя рок-н-рольныя танцавальныя оргіі, якія выліліся ў рок-н-рольны экстаз!

Палац

Вядучыя вечарынкі Павел Харланчук, Зміцер Есяневіч і Міхаіл Зуй

The Silicon

Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі