Следчыя ў выбуху палітыкі не бачаць, але апазіцыянераў затрымліваюць

Як паведаміў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Шчурко, фотаробат “мінскага бамбіста” ўжо складзены. Але як стала вядома Еўрарадыё, партрэт настолькі няякасны, што яго нават не хочуць паказваць грамадскасці. Між тым, па падазрэнні ў дачыненні да злачынства ўжо затрыманыя пяцёра апазіцыянераў. Праўда, міліцыянты сцвярджаюць, што іх палітычныя погляды да затрымання не маюць ніякага дачынення. Нягледзячы на заяву першага намесніка кіраўніка МУС, фотаробат злачынцы, складзены з дапамогай сведак, да гэтага часу не быў паказаны шырокай грамадскасці. Як патлумачыў Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі, прычына, нібыта ў тым, што міліцыянты выявай на складзеным партрэце не хочуць блытаць сведак.

Аляксандр Ластоўскі:
“Чалавек, які ўбачыць фотаробат, а ён далёкі ад дасканаласці і рэальнасці, пачынае супастаўляць тое, што ён бачыў на канцэрце з гэтым фотаробатам. Фотаробат знаходзіцца перад вачыма, яго выява пераважвае і ўспаміны заціраюцца. Гэта можа павесці следства ўбок, таму яго і не паказваем грамадскасці”.

Між тым, увечары ў аўторак супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам да Ігара Корсака, падчас якога знайшлі ў кватэры былога актывіста апазіцыі пакет з балтамі і гайкамі, а таксама гумовыя пальчаткі. Сам Ігар быў затрыманы. Спачатку яго адвезлі на допыт у Інстытут нацыянальнай бяспекі, а цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА на Акрэсціна. У аўторак супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэры былой прэс-сакратаркі Аляксандра Казуліна Ніны Шыдлоўскай і яе мужа Міраслава Лазоўскага. У выніку Міраслаў быў затрыманы і адвезены ва ўпраўленне КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Але прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама сцвярджае, што палітыка тут ні пры чым.

Аляксандр Ластоўскі: “Палітыкі ў расследаванні дадзенага інцыдэнту мала. Хто, на думку праваахоўных органаў, можа падаць нейкую інфармацыю, з тым найперш і працуюць. Прычым, тлумачэнні, кажучы афіцыйнай мовай, адбіраюцца ва ўсіх, каго следчая група лічыць патрэбным апытаць. І я б не стаў рабіць акцэнт на апазіцыю альбо органы ўлады. Цяпер праводзяцца ўсе неабходныя следчыя дзеянні, незалежна ад прыналежнасці да нейкіх арганізацый, поглядаў на палітыку, жыццё і свет. Зараз органы цікавяць толькі факты, таму рабіць націск на палітыку я б не стаў”.

Як паведамлялася раней, у рукі праваахоўных органаў патрапіла выбуховае прыстасаванне, якое злачынцы не змаглі альбо не паспелі прывесці ў дзеянне. Міністар Навумаў паведаміў журналістам, што яго неадкладна накіравалі на экспертызу. Але па словах кіраўніка прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама, вынікаў экспертызы, якія б маглі паскорыць следства, дагэтуль няма.

Да апошняга часу былі супярэчлівыя звесткі аб колькасці выбуховых прыстасаванняў, закладзеных на месцы правядзення Дня Незалежнасці. Міністр унутраных спраў Навумаў адразу пасля здарэння казаў пра знойдзеную ўжо пасля канцэрта бомбу, яго намеснік расказаў пра знойдзенае яшчэ да канцэрта ў 22.30 выбуховае прыстасаванне. Па словах Аляксандра Ластоўскага выбуховак было не 3, як вынікала са словаў чыноўнікаў, а дзве. Проста, кажа, у міністра была недакладная інфармацыя.

Аляксандр Ластоўскі: “Міністр казаў “па гарачых слядах”, калі не было поўнага і аб’ектыўнага малюнку здарэння. Толькі ўсё адбылося, свежыя і часам супярэчлівыя дадзеныя прыходзяць. Іх трэба абагульніць, прааналізаваць… было 2 прыстасаванні – адно выбухнула, другое – знайшлі, абязшкодзілі і эвакуіравалі”.

Шмат пытанняў узнікае наконт таго, чаму пасля знаходкі першага выбуховага прыстасавання канцэрт не быў спынены, людзі не выведзены з небяспечнага месца, а сапёры не пачалі аглядаць тэрыторыю ў пошуках новых бомб. Але, па словах супрацоўніка міліцыі, сэнсу спыняць канцэрт і выводзіць людзей не было – бомба ўсё адно спрацавала б.

Аляксандр Ластоўскі: “Другая бомба спрацавала б усё адно – спынілі б гэта мерапрыемства альбо не. А гэта не 10 чалавек, а 500 тысяч і вывесці іх, заклікаць разысціся не атрымалася б. Трэба ўлічваць негатыўнае стаўленне людзей да такога паведамлення. Моладзь, якая там сабралася, непазбежна пачала б чыніць хуліганствы. Таму, каб пазбегнуць панікі ды іншых інцыдэнтаў, вырашылі не спыняць. Рашэнне прымалася не міліцыяй, але з пункту гледжання праваахоўных органаў, яно было вернае”.

Каб даведацца, якім чынам забяспечваецца бяспека на буйных вулічных мерапрыемствах ў нашых суседзяў, Еўрарадыё дазванілася да кіраўніка прэс-службы ўпраўлення грамадскай бяспекі МУС Расіі Вольгі Шкляравай. Па яе словах, падчас такіх святаў абавязкова прымяняюцца пераносныя металашукальнікі.

Вольга Шклярова:
“На буйных мерапрыемствах прымяняюцца арачныя металашукальнікі, і чалавек проста праходзіць праз арку. Побач з кожным металашукальнікам знаходзяцца 2 нашых супрацоўнікі і дадаткова аглядаюць сумкі. Чалавек сам адкрывае сумку і супрацоўнікі, безкантактна, просяць паказаць, што там ляжыць – тэлефон ці фотаапарат. Не так даўно ў Цвярской вобласці праходзіў рок-фестываль “Нашествие”, на які прыехала больш за 50 тысяч чалавек. Былі арганізаваныя мабільныя групы, якія знаходзіліся непасрэдна побач з месцам правядзення фестывалю, устаноўленыя былі металашукальнікі. Дадаткова супрацоўнікі ажыццяўлялі праверку грамадзян, іх дакументаў, вызначалі падазроных асоб і г.д.”

Акрамя таго, па яе словах, перад кожным мерапрыемствам праводзяцца вучэнні, на якіх выпрацоўваецца мадэль паводзінаў кожнага з падраздзяленняў у выпадку нейкага надзвычайнага здарэння.

Вольга Шклярава: “Папярэдне праводзяцца вучэнні, на якіх адпрацоўваюцца дзеянні кіроўнага складу падчас узнікнення надзвычайных абставінаў. Адпрацоўваюцца дзеянні аператыўных штабоў па кіраўніцтве сіламі і сродкамі, схемы радыёсувязі, дзеянні дзяжурнай змены, а таксама прыцягнення дадатковых сіл, атрымання сігналаў пра магчымыя групавыя парушэнні і г.д.”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі