Вы тут

Складзена інтэрактыўная карта антыбеларускіх супольнасцяў у сацсетках

Reuters

Складзена інтэрактыўная карта антыбеларускіх супольнасцяў у сацыяльных сетках. Над ёй працавала Міжнародная экспертная ініцыятыва iSANS. Яе эксперты вывучылі больш за 40 публічных старонак і суполак, дзе быў выяўлены "кантэнт, звязаны з дыскрэдытацыяй ідэі незалежнасці Беларусі", а таксама публікацыі, у якіх высмейваюцца беларуская мова, культура, гісторыя.

iSANS — міжнародная ініцыятыва экспертаў з розных краін, якая вызначае, аналізуе і супрацьдзейнічае "гібрыдным пагрозам дэмакратыі, вяршэнству закона і суверэнітэту краін Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Еўразіі". Яе эксперты засведчылі, што на згаданых старонках большасць запісаў маюць нейтральны характар. Аднак антыбеларускія пасты з'яўляюцца рэгулярна (як і прапаганда, накіраваная супраць Украіны). Іх аўтары "выкарыстоўваюць мову нянавісці ў дачыненні розных сацыяльных груп беларускага насельніцтва".

Інтэрактыўная карта складалася з дапамогай валанцёраў. Аўтары даследавання ацанілі ўплыў антыбеларускіх супольнасцяў у сацыяльных сетках — улічвалася колькасць падпісчыкаў, праглядаў публікацый. Яны прыйшлі да высновы, што на сённяшні дзень "прапагандысцкая машына ў сацыяльных сетках" найхутчэй тэстуецца і яшчэ на поўную магутнасць не запушчаная. Эксперты перакананыя, што разуменне ступені і якасці "пранікнення дызынфармацыі і прапаганды... у беларускі сегмент сацыяльных сетак" дапаможа выбудаваць эфектыўнае супрацьдзеянне, "у тым ліку, сіламі самых актыўных карыстальнікаў сацсетак".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.