Вы тут

Сівіцкі: канфлікт Лукашэнкі з Пуціным можа прывесці да эканамічнага ціску Расіі

Акцыя супраць інтэграцыі з Расіяй / Еўрарадыё

Калі Лукашэнка не падпіша інтэграцыйныя карты, то Беларусі трэба чакаць новых гандлёва-эканамічных канфліктаў. Пра гэта заявіў кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў палітолаг Арсеній Сівіцкі. У эфіры Еўрарадыё ён абмеркаваў анонс падпісання “саюзных праграм” па інтэграцыі Беларусі і Расіі ды пачатак актыўнай інфакампаніі па рэкламе канстытуцыйнага рэферэндуму.

“Мне падаецца, што перамовы па новым “газе” не будуць такімі простымі, як яны здаваліся некалькі месяцаў назад, калі Пуцін нібыта паабяцаў захаваць цану на газ гэтага года. Справа ў тым, што “Газпрам” зараз пераглядае формулы сваіх доўгатэрміновых кантрактаў. I гэта прыводзіць да таго, што цана на расійскі газ павялічваецца ў некалькі разоў. Таму, хутчэй за ўсё, нас чакае тая ж самая гісторыя. То-бок Расія будзе павялічваць ціск, выкарыстоўваючы эканамічныя інструменты.

Фармальнай прычынай гэтаму будзе тое, што бакі не здолеюць падпісаць так званыя саюзныя праграмы. Мне падаецца, што Масква ў гэтым таксама не вельмі зацікаўленая, ёй патрэбна гэта фармальная падстава, каб пачаць новы раўнд ціску на афіцыйны Мінск. І ўжо вядома, што гэты пакет дакументаў не будзе падпісаны да канца гэтага года”, — сцвярджае Сівіцкі.

“Расія можа сінхранізаваць свой эканамічны ціск з заходнімі санкцыямі”

Па яго словах, пачынаючы з наступнага года Расія можа сінхранізаваць свой эканамічны ціск з заходнімі эканамічнымі санкцыямі. Гэта можа быць звязана з тым, што Крэмль будзе скарачаць супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі праз пагрозу другасных санкцый з боку ЗША: “Гэты працэс мы ўжо назіраем зараз: некаторыя расійскія кампаніі скарачаюць пастаўкі нафты для беларускіх НПЗ”. 

Расія чакае ўзмацнення санкцыйнага ціску з боку Захаду, працягвае Сівіцкі:

“Было бы цалкам натуральна скарыстацца гэтым, каб націснуць на Беларусь і дамагчыся ад Лукашэнкі падпісаць расійскі сцэнар канстытуцыйнай рэформы. І калі гэтага не адбудзецца, то адразу пасля правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму нас можа чакаць сапраўды даволі сур’ёзны  крызіс легітымнасці беларускага рэжыму. І Крэмль можа проста не аказаць нейкай неабходнай дыпламатычнай падтрымкі: напрыклад, устрымаецца ад прызнання рэзультатаў”. 

Што за сцэнар Крамля? Па інфармацыі Сівіцкага, Расія зараз вядзе перамовы з Захадам па “беларускім пытанні”, але пакуль беспаспяхова.

“Крэмль спрабуе прадаць наступны сцэнар: змена рэжыму, правядзенне канстытуцыйнай рэформы, якая прадугледжвае ператварэнне Беларусі ў парламенцкую рэспубліку з дамінаваннем пракрамлёўскай партыі, а таксама стварэнне расійскай вайсковай базы як нейкай гарантыі таго, што Беларусь застанецца ў геапалітычнай арбіце Расіі. Стварэнне пракрамлёўскай партыі акурат вынікае са злітых звестак расійскіх апытанняў у Беларусі”.  

У сярэдзіне 2022 года варта чакаць узмацнення пратэставых настрояў

Палітолаг мяркуе, што сярэдзіна 2022 года стане крытычным пунктам для ўзмацнення пратэставых настрояў:

“У тым пункце супадуць некалькі крызісаў. Перш за ўсё, гэта эпідэміялагічны крызіс: мы бачым, што да чацвёртай хвалі мы не паспелі падрыхтавацца, і, хутчэй за ўсё, нас чакае тое ж самае, калі пачнецца пятая хваля. Я нагадаю, што таксама 4-5 пакет санкцый супраць Беларусі пачне цалкам дзейнічаць толькі з пачатку наступнага года, варта чакаць, што ў сярэдзіне — мы ўжо сутыкнёмся з першымі наступствамі. Сам канстытуцыйны рэферэндум, які таксама чакаецца на гэты час, прывядзе да пагаршэння палітычнага крызісу, бо ён не вырашае праблемы ўнутранай і знешняй легітымнасці, а, наадварот, паспрыяе яшчэ большаму яе падрыву”.

На думку Сівіцкага, Расія, безумоўна, скарыстаецца гэтымі пратэставымі настроямі.

“Ёсць нават пагроза ўмяшання Расіі ў Беларусь, каб стабілізаваць палітычную сітуацыю — і нават адхіліць Лукашэнку ад улады. Усё дзеля таго, каб Беларусь засталася ў сферы ўплыву Расіі”, — рэзюмуе эксперт.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.