Сілавікі ў кабіне пілота: як у Мінску надглядалі самалёт Ryanair

Самалёт Ryanair / Reuters
Самалёт Ryanair / Reuters

Галоўны выканаўчы дырэктар Ryanair Майкл О'Ліры расказаў камітэту па транспарце Вялікабрытаніі падрабязнасці пасадкі самалёта Ryanair 23 траўня ў Мінску. На яго погляд, у тым, што самалёт быў пасаджаны ў Беларусі прымусова, сумнявацца не выпадае.

Капітана ўтрымлівалі ў кабіне "замініраванага" самалёта

Калі самалёт вымушаны быў прызямліцца ў мінскім аэрапорце, па трапе падняліся некалькі невядомых асоб з відэакамерамі, кажа О'Ліры.

Яны "неаднаразова спрабавалі прымусіць экіпаж пацвердзіць на відэа, што ён добраахвотна накіраваў самалёт у Мінск", але экіпаж "адмовіўся пацвердзіць гэта", — сцвярджае топ-менеджар Ryanair.

Потым пасажыраў і экіпаж перавялі ў будынак аэрапорта. Аднак першы пілот застаўся на борце. Калі ён выходзіў з кабіны, за ім ішоў узброены сілавік.

"Гэта было вельмі небяспечнае і варожае асяроддзе", — расказвае О'Ліры.

Пра тое, што борт замініраваны, экіпажу паведамілі беларускія дыспетчары. Яны нібыта даведаліся пра гэта з ліста "салдат ХАМАС", які прыйшоў на электронную пошту аэрапорта. Чаму, калі пагрозу мініравання лічылі рэальнай, капітана экіпажа пад аховай утрымлівалі ў самалёце?

Амбасадар Беларусі ў Вялікабрытаніі Максім Ермаловіч раней напісаў у камітэт, што ў Беларусі "зрабілі ўсе неабходныя захады для гарантавання бяспекі пасажыраў". Мяркуючы па расказе Майкла О'Ліры, за бяспеку капітана беларускія сілавікі не надта баяліся.
 

Пілот не меў альтэрнатыў

О'Ліры таксама расказаў пра ціск на экіпаж Ryanair. Па ягоных словах, пілоты атрымалі "рэальную пагрозу: калі самалёт увойдзе ў паветраную прастору Літвы або паспрабуе прызямліцца ў аэрапорце Вільні, на борце выбухне бомба".

Прычым капітан "неаднаразова" прасіў Мінск даць адкрытую лінію для сувязі з цэнтрам кіравання Ryanair у Варшаве. На што ён атрымаў адказ, што "Ryanair не адказвае на тэлефонныя званкі". Па сцверджанні О'Ліры, гэта "цалкам не адпавядала рэчаіснасці".

Кіраўнік Ryanair падкрэслівае, што на капітана аказваўся "значны ціск", каб ён пасадзіў самалёт. "Яго не праінструктавалі зрабіць гэта, але ў яго не было ніякіх прыдатных альтэрнатыў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі