Што ні свята, то спартовае, альбо Дзень Незалежнасці па-савецку

З 1997 году Беларусь афіцыйна святкуе Дзень Незалежнасці 3 ліпеня. Кожны год для мінчукоў і гасцей сталіцы ладзяцца вайсковы парад, усялякія спартовыя мерапрыемствы і так званыя народныя гулянні. Справа ў тым, што сцэнар урачыстасцяў не змяніўся ажно з савецкі часоў У 2007-м годзе нашая краіна адпачывала чатыры дні. Дзень 1-га ліпеня прайшоў у Мінску пад добрым савецкім лозунгам “Што ніе свята, то спартовае.” На пляцоўцы каля Палаца спорту быў заліты каток, дзе паказвалі сваё майстэрства спартоўцы зімовых відаў спорту. Такое ўражанне, што летнімі ў Беларусі ніхто не займаецца…

У той жа час была наладжана лыжа-ролерная траса, куды адмыслова былі “запрошаны” маладыя спартоўцы. Гаворыць адна з біятланістак:

“Нам вельмі хочацца дадому, бо мы стомленыя пасля ўчорашняй гонкі. Ехаць сюды да 9-й, падымаючыся а 7-й – гэта не самы лепшы варыянт. Нас яшчэ прымусілі нікуды не сыходзіць, пакуль мерапрыемства не скончыцца. Сказалі, што дзеля масавасці. А нам, на самой справе, зараз дадому і паспаць”.

Мінакі на гэтае спартовае мерапрыемства рэагавалі, як заўсёды:

“Людзі папросту не звяртаюць увагі на гонку: лезуць пад колы, пераходзяць дарогу”.

Наступны дзень вялікіх выходных быў, чамусьці, абмінуты ўладамі ў плане вулічных мерапрыемстваў. У Палацы Рэспублікі прайшоў урачысты сход і канцэрт зорак беларускай эстрады. Усе жадаючыя маглі патрапіць на Першы міжнародны роварны фэст, які праходзіў на пляцоўцы каля Палаца спорту на былым праспекце Машэрава.

Амаль аніякай рэкламы мерапрыемства не было, таму і паглядзець на дасягненні раварыстаў прыйшло не больш за дзве тысячы чалавек. Але ж самі ўдзельнікі засталіся задаволенымі. Распавядае сталічны раварыст-прафесіянал Міхась:

“Проста падабаецца выконваць некаторыя элементы на ровары. Ды ад гэтага насамрэч штырыць, і ўсё!”

Напэўна, самым цікавым і вартым для прагляду мерапрыемствам за ўсе выходныя павінен быў атрымацца парад. Невядома чаму, але ў гэтым годзе ўлады вырашылі адысці ад традыцыйнага фармату і выкраслілі дэманстрацыю вайсковай тэхнікі з плану ўрачыстага параду. Не былі паказаны таксама і апошнія дасягненні прамысловасці нашае краіны – беларусы так і не пабачылі тэлевізары “Віцязь”, камбайны і сучасны беларускі абутак.

Затое людзі праглядзелі тэатралізаванае шоў — ізноў жа спартоўцаў. Канешне, былі і спевы некаторых зорак беларускай эстрады — прыкладам, Ціхановіча з Паплаўскай. Улады зрабілі ўсё сапраўды для народу. Людзі не жадаюць бачыць танкі і МАЗы. Працягвае Таццяна – мінчанка з дзіцём, якая выпадкова патрапіла на парад:

“Беларусь павінна дэманстраваць нашыя славутасці. Не вайсковую тэхніку ці нейкія машыны і аўтобусы, а ветэранаў вайны, якія прайшлі гэта ўсё. Наогул славутасці, якія цікавыя народу. Тыя ж парашутысты, якія сёння ляталі, на такіх святах”.

Парад завяршалі калоны моладзі з БРСМу. Радасныя і ўзнёслыя твары маладых людзей у вопратцы з сымболікай арганізацыі не маглі не ўразіць. Толькі вось сваімі вачыма бачыў, як амаль адразу пасля фінальнага акорду параду маладыя хлопцы ў дворыку хуценька пераапраналіся ў звычайную вопратку…

Напрыканцы хацелася б адзначыць, што парад скончыўся словамі вядучага: “І свята зараз разальецца па нашым горадзе!” Праз паўгадзіны ў бліжэйшых крамах і шапіках чарга дасягала 10 метраў, а людзі выходзілі ў асноўным з пластыкавымі кубачкамі…

Няма чаго хвалявацца: усё ў Мінску на Дзень Незалежнасці як заўсёды. Народ, па старой савецкай традыцыі, адзначае свята так, як яго разумее.

Фотарэпартаж з месца падзей глядзіце тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі