Што будзе, калі Беларусь пагодзіцца на ўмовы МВФ або адмовіцца ад іх

МВФ дасць Беларусі крэдыт узамен на эканамічныя рэформы. Праграма рэформаў уключае ў сябе лібералізацыю цэнаў (свабоднае цэнаўтварэнне), паступовае павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальную гаспадарку і транспарт да ўзроўню сабекошту, а таксама прыватызацыю прадпрыемстваў.

МВФ заклікае ўлады Беларусі "рэалізаваць смелую праграму рэформаў"

Кіраўніцтва фонду дало зразумець афіцыйнаму Мінску, што падтрымка рэсурсамі фонду будзе магчымая толькі ў тым выпадку, калі на самым высокім узроўні ў Беларусі будзе "цвёрдая прыхільнасць" да "глыбокіх структурных рэформаў".

Ці знойдзе Лукашэнка срэбную кулю супраць крызісу?

Эканаміст Яраслаў Раманчук упэўнены, што выконваць усе патрабаванні МВФ Беларусь не будзе. Галоўнае — гэта паказаць імкненне да рэформаў. Такі фокус беларускі ўрад рабіў не раз, і “вадзіць за нос МВФ у нас атрымліваецца на ўра”. 

“Вось дарожную мапу нейкую прынялі, нейкага чалавека прызначаць, нейкія міфічныя рэформы праводзяцца — вось і вам і намеры”, — кажа Раманчук.

Калі мы атрымліваем выгадны крэдыт ад МВФ, гэта, на думку Раманчука, гарантуе нам чарговае праяданне грошай.

“Ёсць спіс дзяржпрадпрыемстваў, якім гэтыя грошы дадуць і якія будуць у шакаладзе. Яны выплацяць усе заробкі і павысяць іх прынамсі да выбараў. Яны прывыклі да крэдытаў і таму чакаюць такіх доўгіх, добрых грошай як манны нябеснай”, — кажа Раманчук.

А калі мы ўмовы не выконваем і не атрымліваем выгадны крэдыт?

Яраслаў Раманчук прагназуе адкат заробкаў, рост складскіх запасаў, зніжэнне экспарту.

“Канечне, ёсць яшчэ расійскія крэдыты, кітайскія. Як варыянт можна нейкае прадпрыемства прадаць. Але пры ўсім пры гэтым пагрозу з беларускага рубля ніхто не здымаў, — заўважае Раманчук. — І мне шкада людзей, якія спрабуюць зарабляць на стаўках дэпазітаў у беларускіх рублях і спадзяюцца, што ў Аляксандра Лукашэнкі знойдзецца нейкая срэбная куля супраць прывіду беларускага крызісу”.

Варыянт аптымістычны

Пра тое, што ні МВФ, ні якая іншая сусветная арганізацыя не можа лезці ў справы Беларусі, кажа эканаміст Пётр Нікіценка, ён выступае пад дэвізам “трэба жыць сваім розумам”. 

“Усе іх рэкамендацыі заснаваныя на адным падыходзе — замарозіць сацыяльны складнік дзяржавы. І ўсе іх рэкамендацыі, калі мы іх выконваць будзем, не прывядуць ні да чога, апроч нервовай незадаволенай сітуацыі ў грамадстве! І яны даюць такія рэкамендацыі — замарозіць заробкі ці павысіць “камуналку”, ведаючы, што ў нашай краіне, так сказаць, прэзідэнцкі год! Чаму яны сабе не даюць такіх рэкамендацый?” — абураецца эксперт.

Прагнозы МВФ для Беларусі і рэальнасць

Усё ж ён прызнае, што ў беларусаў, гэтых “вынослівых людзей”, без крэдыту МВФ няпросты год. Але тут жа прыродны аптымізм бярэ верх.

“Што нам гэтая міжнародная структура? У нас што, няма нейкіх сваіх рэсурсаў? Што мы, у кітайцаў не перахопім на крайні выпадак?” — пытаецца эканаміст. Ніякіх эканамічных наступстваў праз тое, што крэдыту ад МВФ не будзе, эканаміст не бачыць.

Ідэю пра жыццё сваім розумам падтрымлівае і член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па бюджэце і фінансах Валерый Барадзеня.

Дэпутат кажа, што рэзка праводзіць рэформы, прадугледжаныя МВФ, не трэба: гэта можа прывесці да таго, што ў Беларусі можа рэзка вырасці колькасць сацыяльных суіцыдаў сярод пенсіянераў. Яны адчуюць, што сталі нашай краіне непатрэбныя, і не змогуць прыстасавацца да новых абставін.

Але Валерый Барадзеня ад грошай МВФ не адмаўляецца.

“Канечне, нам гэтыя грошы выгадныя. Гэта перш за ўсё адчуе Нацбанк — грошы неабходныя нам для стабілізацыі сітуацыі з ЗВР. Калі іх узровень павялічыцца, Нацбанку будзе прасцей кантраляваць інфляцыю, зніжаць дэвальвацыйныя працэсы. Калі ўзнікне валютная паніка і людзі пабягуць па грошы, з крэдытам будзе прасцей паўплываць на стабілізацыю сітуацыі”, — кажа дэпутат. Пры гэтым ён кажа, што рэкамендацыі, якія загадвае зрабіць МВФ, — гэта не пігулка, ад якой усім рэзка стане “харашо”, і слепа кіравацца ўсімі ўмовамі МВФ не варта.

Выканаць можна, але ці ёсць на гэта палітычнае жаданне?

Эканаміст Сяргей Чалы перакананы, што ўлады Беларусі прымуць умовы Міжнароднага валютнага фонду. Бо адсутнасць рэформаў прывядзе да і без таго нізкіх тэмпаў эканамічнага росту, адсутнасці даходаў насельніцтва і дэградацыі прамысловасці.

“Тое, што мы акурат цяпер і назіраем. І чым даўжэй мы будзем цягнуць, натуральна, тым горш будзе далей. А гэтая праграма акурат і ёсць надзеяй на тое, што можна атрымаць нейкія новыя крыніцы росту”.

Сяргей Чалы адзначае, што кожны год, калі прыязджаюць міжнародныя спецыялісты МВФ, яны адкрыта кажуць, што ў іх ужо даўно няма спрэчак наконт стану беларускай эканомікі і што трэба ёй дапамагчы. “То бок усё ўпіраецца выключна ў палітычную волю. А гледзячы па апошніх падзеях, яна паступова спее”, — дадае эканаміст.

Сяргей Чалы: Улады Беларусі пагодзяцца на ўмовы МВФ

Нічога невыканальнага ва ўмовах МВФ, на думку старшага аналітыка “Альпары” Вадзіма Іосуба, няма. У тарыфах жыллёва-камунальнай гаспадаркі трэба вызваліцца ад пабочных прадпрыемстваў (да прыкладу, калгасаў ці санаторыяў), каб, па-першае, вызначыць, якім чынам фармуюцца тарыфы і што туды ўваходзіць, а потым ужо зніжаць сабекошт.

Вадзім Іосуб заўважае, што без крэдыту МВФ Беларусі давядзецца вельмі цяжка.

“Па падліках МВФ, калі Беларусь не атрымае крэдыт ад фонду, да канца года ЗВР Беларусі скароцяцца да 2,5 мільярдаў долараў. Гэта вельмі крытычная велічыня, роўная менш чым аднаму месяцу імпарту. Гэта можа справакаваць паніку на валютным рынку”, ― аналізуе Вадзім Іосуб.

Простай мовай: людзі пачнуць чакаць чарговага валютнага крызісу, адбудзецца дадатковы ціск на валютны рынак, што і прывядзе да гэтага самага крызісу.

Таму лепш крэдыт атрымаць. Але і тут не ўсё проста. Вадзім Іосуб заўважае, што хутчэй за ўсё крэдыт будзе давацца паэтапна.

“Ранкам грошы, вечарам крэслы. Адна рэформа ў Беларусі ― адзін транш”. 
 

Фота: krisis.by, euroradio.fm, gdb.rferl.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі