Вы тут

Што аднойчы не атрымалася ў Беларусі, але двойчы адбылося ў Бразіліі

Сенат Бразіліі ў сераду, 31 жніўня, прагаласаваў за імпічмент прэзідэнту краіны Дылме Русеф. Раней аналагічнае рашэнне прынялі дэпутаты.

Такім чынам, сенатары прызналі Русеф вінаватай у парушэнні заканадаўства аб бюджэце, а канкрэтна — у выкарыстанні сродкаў з дзяржаўных банкаў для павелічэння дзяржаўных выдаткаў. А таксама ва ўтойванні праўдзівага памеру дэфіцыту бюджэту краіны падчас яе выбарчай кампаніі ў 2014 годзе.

Адвакаты цяпер ужо былой кіраўніцы дзяржавы заявілі, што яна будзе абскарджваць сваю адстаўку ў бразільскім Вярхоўным судзе. Сама ж яна назвала працэдуру імпічменту “парламенцкім путчам”:

“Яны толькі што пазбавіліся першай жанчыны-прэзідэнта Бразіліі, без якіх-небудзь істотных канстытуцыйных падставаў для гэтага імпічменту. Яны думаюць, што перамаглі, але яны памыляюцца. Усе разам, мы працягнем барацьбу. Гэты ўрад путчыстаў сутыкнецца з магутнай і вельмі эфектыўнай апазіцыяй”, — заявіла ўжо былы прэзідэнт.

Дылма Русеф. Фота: REUTERS/Adriano Machado

Прэзідэнцтва Русеф мусіла скончыцца ў канцы 2018 года, цяпер да канца гэтага тэрміну лідарам краіны будзе віцэ-прэзідэнт Бразіліі Мішэў Тэмер.

Дарэчы, гэта не першы ўдалы імпічмент у Бразіліі. У 1992 годзе за карупцыю Сенатам быў зняты прэзідэнт Фернанду Калор ды Мелу.

Працэдура імпічменту дастаткова рэдкая ў сусветнай практыцы. Адзіны такі выпадак у Еўропе адбыўся ў Літве ў дачыненні да прэзідэнта Раландаса Паксаса.

6 красавіка 2004 года Сойм адхіліў Паксаса ад прэзідэнцкіх паўнамоцтваў за грубыя парушэнні Канстытуцыі. У прыватнасці, за тое, што ён незаконна прадаставіў грамадзянства Літвы замежнай асобе, не забяспечыў захаванасць дзяржаўнай таямніцы і аказаў ціск на прыняцце рашэнняў прыватнымі асобамі і кампаніямі.

Але ўжо напрыканцы 2005 года Вярхоўны суд прызнаў невінаватасць палітыка.

Раландас Паксас. Фота: AP Photo, Mindaugas Kulbis

Увогуле сам імпічмент дастаткова доўгі бюракратычны працэс, у розных краінах існуюць розныя механізмы яго запуску і часта да яго прыняцця справа не даходзіць.

Да прыкладу, імпічмент Аляксандру Лукашэнку за парушэнне Канстытуцыі спрабаваў правесці Вярхоўны савет у лістападзе 1996 года. 73 дэпутаты падпісаліся пад гэтай ініцыятывай і накіравалі яе ў Канстытуцыйны суд. Вытворчасць справы пачалася, але неўзабаве была спыненая пасля таго, як частка дэпутатаў адклікала свае подпісы.

Расійскія камуністы распачалі імпічмент у дачыненні да прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына ў 1998 годзе. Тады яго абвінавачвалі ў развале СССР, развязванні вайны ў Чачні, паслабленні абароназдольнасці і бяспекі Расіі, роспуску Вярхоўнага Савета ў 1993 годзе. Але ў выніку галасавання ні адно з абвінавачванняў не атрымала падтрымкі кваліфікаванай большасці дэпутатаў.

Барыс Ельцын. Фота: РІА "Новости"/Юры Абрамачкін

За ўсю гісторыю ЗША імпічмент распачынаўся ў дачыненні да прэзідэнтаў двойчы, але не набіраў большасці галасоў у сенаце: у 1868 годзе ў дачыненні да Эндру Джонса (справа аб незаконнай адстаўцы ваеннага міністра) і ў 1998 годзе да Біла Клінтана (справа аб ілжэсведчанні і перашкодзе правасуддзю ў сувязі з гісторыяй Монікі Левінскі). У 1974 прэзідэнт Рычард Ніксан таксама быў прадстаўлены да імпічменту па справе Уотэргейт, але сышоў у адстаўку, перш чым пытанне было разгледжана Сенатам.

У 1999 годзе ў дачыненні да прэзідэнта Інданезіі Абдурахмана Вахіда быў распачаты імпічмент за яго непапулярныя палітычныя рашэнні. Парламент Інданезіі аднагалосна прагаласаваў за імпічмент прэзідэнта, яго спробы застацца ва ўладзе не атрымалі падтрымкі насельніцтва краіны. 

Абдурахман Вахід. Фота: Oka Budhi/AFP

У 2000 годзе — імпічмент зладзілі ў дачыненні да прэзідэнта Перу Альберта Фухіморы, ён адбыўся ўжо пасля адстаўкі кіраўніка краіны. Фухіморы абвінавачвалі ў парушэнні правоў чалавека і перавышэнні сваіх паўнамоцтваў.