Вы тут

Штаб Бабарыкі абвясціў пра стварэнне палітычнай партыі "Разам"

Віктар Бабарыка / Еўрарадыё

Марыя Калеснікава і штаб Віктара Бабарыкі абвясцілі пра стварэнне палітычнай партыі "Разам". 

Адпаведны відэазварот з'явіўся на YouTube вечарам 31 жніўня. На пачатку роліка паказалі зварот Віктара Бабарыкі, які ўжо два з паловай месяцы знаходзіцца за кратамі. У відэазвароце, зробленым яшчэ да затрымання, палітык кажа пра стварэнне палітычнага аб'яднання — партыі або руху.

Ён кажа пра дзве асноўныя мэты. Першая з іх — забяспечыць правядзенне канстытуцыйнай рэформы. Пра другую Бабарыка кажа так: "Хоць мы не змаглі перамагчы на выбарах, мы павінны працаваць на паляпшэнне эканомікі і даваць людзям праяўляць грамадзянскую ініцыятыву. /.../ Рабіць гэта ў руху будзе значна прасцей"

Пасля гэтага кіраўніца яго выбарчага штаба Марыя Калеснікава заяўляе пра стварэнне палітычнай партыі "Разам". 

"Мы разумеем, што прыйшоў час аб'явіць аб працягу нашай барацьбы, але ўжо з наяўнасцю нейкай арганізацыйнай формы, у якую мы маглі б аб'яднаць усіх прыхільнікаў", — кажа яна. 

Па словах Калеснікавай, дакументы на рэгістрацыю палітычнай партыі неўзабаве будуць пададзеныя ў адпаведныя органы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.