Шаўцоў: Лукашэнка павінен адказаць на пасланне Пуціна

На сустрэчы з моладдзю на традыцыйным форуме на возеры Селігер прэм'ер-міністр Расіі Ўладзімір Пуцін заявіў, што "рэальнае ўз'яднанне Расіі і Беларусі і ўтварэнне паўнавартаснай адзінай дзяржавы цалкам залежыць ад волі беларускага народу". Адзін з прысутных, малады чалавек, які, нібыта, прадстаўляў Беларусь, запэўніў, што народ гэтага хоча. "Тады змагайцеся за гэта", — сказаў Пуцін. Еўрарадыё паразмаўляла пра пасыл словаў расійскага прэм'ера з палітолагам Юрыем Шаўцовым.
110802 Shaucou_site.mp3
Шаўцоў: “Пуцін не даў яснасці, што ён мае на ўвазе дакладна і каму ён адказваў. У межах структуры, якая зараз створана "пад Пуціна" ў Расіі пад назвай “Народны Фронт” (для беларусаў вельмі дзіўнай), ёсць секцыя, у якую ўвайшло некалькі беларускіх невялічкіх груп, якія выступаюць супраць Лукашэнкі і за прыяднанне Беларусі, у той ці іншай форме, да Расіі. Хутчэй за ўсё ён адказваў на пытанне кагосьці з прадстаўнікоў гэтых групак. Калі гэта так, то атрымліваецца, што ён падтрымаў гэтыя групкі супраць Лукашэнкі. Але ён не даў яснасці, таму гэта якраз можа быць і пасыл да самога Лукашэнкі, што канфлікт канчаецца і можна зноў рабіць новы віток сяброўства”.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што гэтыя групкі за яднанне з Расіяй, але супраць Лукашэнкі. Але, сыходзячы са словаў Пуціна, ён падтрымлівае палітыку Лукашэнкі па шляху інтэграцыі з Расіяй...

Шаўцоў: “Незразумела да канца. Калі ён адказваў на пытанне людзей, якія ўваходзяць у яго структуру — гэта адно. Калі ён такім чынам дзіўна звярнуўся да Лукашэнкі з заявай аб тым, што, так бы мовіць, вайна скончылася, то гэта другое”.

Еўрарадыё: Што гэта за "беларускія групоўкі", якія падтрымліваюць Пуціна?

Шаўцоў: “Ёсць такое грамадскае аб’яднанне “Русь”, яно малавядомае, але яно існуе, ёсць часопіс, які існуе ў інтэрнэце, нават нейкае аб’яднанне беларускіх чувашоў і тое ўвайшло ад Беларусі ў гэтую структуру “Народнага фронту” ў Расіі. Іх недзе агулам зараз 8-10. Гэта практычна нечынныя структуркі, але яны актыўныя зараз у медыйным абшары Расіі звычайна ў якасці асобных актывістаў, якія "раскручваюцца" праз некаторыя расійскія СМІ”.

Еўрарадыё: У Расіі праз пэўны час будуць выбары, не выключана, што Ўладзімір Пуцін на гэтыя выбары пойдзе. Гэтая заява можа сведчыць, што падчас сваёй прэзідэнцкай кампаніі Пуцін будзе спрабаваць разыгрываць “беаларускую карту”?

Шаўцоў: “Тэарытычна магчымы "аль’янс Пуцін-Лукашэнка" супраць Мядзведзева, як "новага Гарбачова", як чалавека, які абапіраецца на лібералаў. Такі кансерватыўны свайго кшталту "альянс Пуцін-Лукашэнка" — гэта і ёсць у некаторых выпадках кашмарны сон расійскага лібералізму. Ці адбудзецца ён, я думаю, гэта будзе ясна праз пару месяцаў”.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці варта чакаць, што пасля МЗС Беларусі выкажацца і Аляксандр Лукашэнка?

Шаўцоў: “Не магу ведаць. Калі будзе яснасць для нашага кіраўніцтва, што ж гэта за пасланне ад Пуціна, тады хутчэй за ўсе будуць яшчэ нейкія каментары, бо ўзровень паслання вельмі высокі. Маецца на ўвазе, што Лукашэнка павінен у той ці іншай форме адказаць на яго”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі