Вы тут

“Серыйны нядобразычлівец” абвінавачвае платформу “Имена” ў растраце

imenamag.by

Удзень 8 студзеня мікраблогер Максім Карончык апублікаваў некалькі допісаў з крытыкай фінансавай палітыкі дабрачыннай платформы “Имена”. Карончык сцвярджае, што з 994 тысяч рублёў, сабраных за час існавання праекта, 570 тысяч пайшлі на дзейнасць рэдакцыі. А таксама заўважае, што 13 тысяч рублёў увогуле некуды зніклі.

Еўрарадыё звязалася з заснавальніцай часопіса Кацярынай Сінюк. Яна распавяла, што “Имена” ўжо атрымлівалі падобныя прэтэнзіі ад Карончыка і ўжо адказвалі на іх:

“Гэта ўжо трэці ці чацвёрты раз, калі Максім адкрыта крытыкуе “Имена” менавіта з-за грошаў ды збораў. Шчыра кажучы, я не вельмі разумею, адкуль ён бярэ ўсе гэтыя лічбы і за што “наезд”. Вось, напісана, што за увесь 2016-ы год сабрана 22134 рублі. Дык толькі на вядомы праект энтэрнальнага харчавання ў тым годзе паступіла 67997 рублёў.

Мы працуем абсалютна адкрыта і шчыра, нічога не хаваем. На нашым сайце заўсёды можна знайсці поўныя справаздачы па нашых выдатках і зборах, дзе нічога не схавана. Некаторыя недарэчнасці могуць быць з тым, што частка грошай на рэдакцыйныя справы застаецца, таму яны пераходзяць на наступны год, гэта нармальная справа. І тое, што мы збіраем на падтрымку праектаў з года ў год у 2-5 разоў больш, чым на рэдакцыйныя выдаткі, гэта я вам на 100% магу сказаць. Тым больш, што кампаніі па зборы сродкаў на праекты і для рэдакцыйных патрэб асобныя.

Што тычыцца Максіма, дык, яшчэ раз, мы ўжо неаднаразова запрашалі яго ў нашу бухгалтэрыю, але кожны раз ён не прыходзіў. Шчыра кажучы, мы ўжо нават размаўлялі з юрыстам наконт таго, каб пайсці ў суд. Памятаю выпадак, калі мы асабіста яму дасылалі накладную на набыццё урны для ахвяраванняў, бо мужчына сумняваўся ў тым, колькі грошай на яе патрачана”.

Падчас падрыхтоўкі матэрыялу “Имена” афіцыйна адказалі блогеру, адзначыўшы, што ён, верагодна, пераблытаў колькасць сабраных і патрачаных грошай. Па звестках адміністрацыі часопіса, за тры гады на дзейнасць рэдакцыі патрачана на 130 тысяч менш, чым напісаў Карончык, а менавіта 439 283 рублі 37 капеек.

У адкрытым доступе можна знайсці док-файл з планам выдаткаў платформы “Имена” на 2018 год. На працу рэдакцыі (ганарары, падаткі, рэклама, непрадбачаныя выдаткі) выдаткавана 269472,5 рубля. Яшчэ 150527,5 рубля каштаваў праектны аддзел платформы (заробкі, падаткі, юрыдычныя і бухгалтарскія паслугі, аплата працы пазаштатных спецыялістаў). Кіраўніцтва платформы запэўнівае, што рэальныя выдаткі будуць меней. Канчатковая лічба будзе апублікавана не пазней за 15 лютага, калі выйдзе гадавая справаздача.