Сэр Пол Макартні ўганараваны чарговай прэміяй

Сэр Пол Макартні (Paul McCartney) стане ўладальнікам Гершвінаўскай прэміі, якая сёлета будзе ўручацца ўжо ў трэці раз. Заснавальнікам узнагароды Gershwin Prize for Popular Song з'яўляецца Бібліятэка амерыканскага Кангрэса, у якой захоўваюцца рукапісныя чарнавікі кампазіцый Джорджа і Айры Гершвінаў.

Імя новага ўладальніка прэміі днямі абвясціў распарадчык Бібліятэкі Джэймс Білінгтан (James Billington). Па словах Білінгтана, цяжка сабе ўявіць іншага выканаўцу і кампазітара, які аказаў больш моцны ўплыў на развіццё сучаснай поп-музыкі, чым Макартні.

Уручэнне прэміі запланавана на студзень наступнага года. У рамках цырымоніі таксама адбудзецца канцэрт-прысвячэнне сэру Полу. Склад удзельнікаў выступу пакуль не абвешчаны.

Нагадаем, што ўладальнікамі першых дзвюх Гершвінаўскіх прэмій сталі Стыві Ўандэр (Stevie Wonder) і Пол Сайман (Paul Simon).

Для легендарнага «бітла» гэтая прэмія стане не першай значнай узнагародай, атрыманай сёлета. У кастрычніку 67-гадовы музыка быў адзначаны прэміяй ASCAP Award Амерыканскай Супольнасці кампазітараў аўтараў і выдаўцоў. Макартні атрымаў званне «Сонграйтэра года» - дзякуючы хітам «All You Need Is Love», «Come Together» і «Hello Goodbye».

Фота: newsimg.bbc.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі