Вы тут

Санкцыі "не дзейнічаюць": "Белавія" адправіла новыя самалёты ў Казахстан

У Астану прыляцелі тры самалёты / З архіву Еўрарадыё

"Белавія" адправіла новыя самалёты ў Казахстан на "часовую стаянку". Пра гэта стала вядома ад казахстанскага авіяперавозчыка Astana Airlines. Авіяцыйныя эксперты лічаць, што прычына такога рашэння ў абмежаванні палётаў беларускай авіякампаніі ў Еўропе. Пасля пасадкі ў Беларусі пасажырскага самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву, неба для самалётаў "Белавія" закрылі краіны ЕС і Украіна.

У Астану прыляцелі тры самалёты Embraer E195-E2. Яны належаць кампаніі AerCup (Ірландыя), якая здала іх беларускай авіякампаніі ў доўгатэрміновы лізінг. "Бі-Бі-Сі" паведамляе са спасылкай на інфармаваную крыніцу, што рашэнне аб перадыслакацыі самалётаў найхутчэй прымаў якраз AerCup, як іх уладальнік.

Як вядома, ЕС рыхтуе пяты пакет санкцый супраць афіцыйнага Мінска за арганізацыю міграцыйнага крызісу. Аляксандра Лукашэнку ў Бруселі адкрыта называюць "кіраўніком сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў". Там працягваюцца дыскусіі пра магчымыя санкцыі супраць авіякампаніі "Белавія".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.