Самы траўматычны беларускі гурт сыграе канцэрт на кастылях

Гітарыст і вакаліст гурта “Разбітае сэрца пацана” Дзяніс Тарасенка зламаў нагу.
Цяпер вялікі канцэрт калектыву ў Мінску, запланаваны на 30 красавіка разам з бярозаўскімі “Кальмарамі”, можа сарвацца.

Праўда, сам Тарасенка запэўніў Еўрарадыё: канцэрт адбудзецца абавязкова:

“Хачу супакоіць вас. Канцэрт адбудзецца ў любым выпадку. Таму што я зламаў усяго толькі нагу, а не галаву! Мы усё ж такі выйдзем на сцэну, і я выйду на сцэну. Не ведаю, праўда, якім чынам, можа нават на каталцы”.

У канцэртнай гісторыі “РСП” можна заўважыць невясёлую тэндэнцыю: 23 чэрвеня мінулага года “пацаны” і дзяўчаты збіраліся весела і шумна прэзентаваць свой дэбютны альбом “Розавы закат”. Усё было амаль гатова. І тут… Марына Юрэвіч, адна з удзельніц пластычна-харэаграфічнага аддзялення гурта ламае нагу!

Прэзентацыя адмянілася і адбылася толькі 26 кастрычніка.

І гэта, відаць, быў толькі пачатак, бо праз некалькі месяцаў падчас гастроляў са “Свабодным тэатрам” ужо ўсё той жа Дзяніс Тарасенка зламаў сабе скулу.

 І вось цяпер зламаная нага Дзяніса пагражае чарговаму канцэрту. Самае містычнае ў гэтай гісторыі тое, што і Дзяніс і Марына на адным і тым жа месцы, з розніцай прыблізна ў год, зламалі тую самую “пятую плюснявую костку левай ступні”.

Нагадаем, што канцэрт адбудзецца 30 красавіка ў сталічным клубе Рэактар. Падтрымаць пацаноў прыедуць хлопцы з Бярозы — гурт "Кальмары".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі