Сабаку-забойцу вось-вось "усыпяць"

Чуткі, што стафардшырскага тэр’ера, які загрыз дзіця, збіраюцца аддаць на службу ў кіналагічную групу МУС, не пацвердзіўся. 12 дзён таму тэр’ер загрыз да смерці пяцімесячнае дзіця. 33-гадовая маці ва ўласнай кватэры пакінула дзіця без дагляду. У той жа дзень сабаку-забойцу забралі ў гарадскую групу неадкладнай дапамогі. Ветлекар Сяргей Закрэўскі наглядае тэр’ера 12 дзён і не разумее, як ён мог напасці на дзіця.

Сяргей Закрэўскі: Гэта вельмі добры сабака, зусім не агрэсіўны. Увесь гэты час ён знаходзіцца ў клетцы, але паводзіць сябе вельмі спакойна (толькі ў першы дзень трохі рычаў). Ніякага шаленства ў яго не аказалася. Я не разумею, як такі спакойны сабака змог некага разарваць: хутчэй за ўсё яго справакавалі самі гаспадары. 14-гадовы тэр’ер добра сябе вядзе і ні разу не адмовіўся ад ежы.

Версію, што сабаку збіраюцца перавесці на службу ў кіналагічную групу МУС, у пракуратуры Першамайскага раёна Мінска абверглі. Па словах следчага Яўгена Філіповіча, сабаку хацелі аддаць кінолагам з адзінай мэтай: пазней жывёла магла спатрэбіцца экспертам.

Яўген Філіповіч: Сёння мы ведаем дакладна, што сабака ў якасці доказу нам не патрэбен, таму вырашана яго “ўсыпіць”. Дарэчы, самі гаспадары сёння прыходзілі да нас у пракуратуру і напісалі такі дазвол.

Кацярына Ярмалаева, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі