СААЗ заклікае краіны Усходняй Еўропы выконваць антыкавідныя меры
![У Беларусі захоўваецца высокі ўзровень захворвання COVID / @minzdravbelarus](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/covid_15_02.jpg.webp?itok=wiMwaTEL)
У Беларусі захоўваецца высокі ўзровень захворвання COVID / @minzdravbelarus
Краінам Усходняй Еўропы не варта пакуль адмаўляцца ад антыкавідных абмежаванняў. Пра гэта заявіў на брыфінгу кіраўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ханс Клюге. Яго словы прыводзіць ТАСС.
Ён заклікаў па-ранейшаму пазбягаць закрытых прастор і натоўпаў людзей, насіць маску, выкарыстоўваць экспрэс-тэсты, каб раней выяўляць інфекцыю, і "забяспечыць дастатковую гатоўнасць сістэм аховы здароўя да выкарыстання навукова абгрунтаваных метадаў лячэння".
За апошнія два тыдні ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Расіі і Украіне колькасць выпадкаў COVID-19 вырасла больш чым удвая, адзначаюць у СААЗ. Хваля "амікрона" рухаецца на ўсход.
У Беларусі каля двух тыдняў таму адбыўся выбухны рост захворвання. Да паліклінік выстраіліся чэргі пацыентаў з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю. Пасля гэтага Міністэрства аховы здароўя перавяло паліклінікі на працу без выходных і дазволіла медыкам выстаўляць дыягназ COVID-19 без дадатковага тэставання. Афіцыйныя лічбы статыстыкі таксама істотна выраслі: замест звыклых 1,5-2 тысяч новых выпадкаў у суткі Міністэрства аховы здароўя ў апошнія два тыдні паведамляе пра 5-9 тысяч новых хворых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.