Са Змітра Паліенкі знялі абвінавачванні па трох артыкулах

Са Змітра Паліенкі знялі абвінавачванні па трох артыкулах

Са Змітра Паліенкі, справа якога разглядаецца сёння ў Мінскім гарадскім судзе, знялі абвінавачванні па трох крымінальных артыкулах: за "абразу прадстаўніка ўлады", "распальванне расавай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай нянавісці альбо варажды" і "апаганьванне будынкаў і нанясенні шкоды маёмасці". Гэтага, дарэчы, патрабавала праваабарончая арганізацыя Amnesty International, якая разгледзела справу і прыйшла да высновы, што гэтыя тры абвінавачванні з’яўляюцца незаконнымі і мусяць быць знятыя.

Цяпер Паліенку судзяць толькі за “злоснае хуліганства”. Актывіст нібыта пырснуў у твар незнаёмаму мужчыну пярцовым балончыкам за заўвагу пра паленне ў пад'ездзе. Паліенку пагражае абмежаванне свабоды на тэрмін ад трох да пяці гадоў альбо пазбаўленне волі ад трох да дзесяці гадоў. 

Суд пачаўся пасля перапынку ў 14:00. Дапытваюць пацярпелага Аляксея Юрына і сведак.

17:00

У судзе аб'яўлены перапынак. Наступнае паседжанне пачнецца ў 10:00 18 кастрычніка.

16:30

Суддзя запытаў у пацярпелага Юрына, як ён можа растлумачыць словы сваёй жонкі аб сваёй "нетранспартабельнасці":

— У мяне жонка вельмі эмацыйная... Яна магла на той момант так падумаць.

16:20

У матэрыялах справы ёсць запіс размовы жонкі пацярпелага Юрына з супрацоўніцай 103 у той вечар. Жанчына пыталася, чым можна закапаць вочы мужу. Аператар прапанавала назваць адрас, каб прыехала хуткая, але жанчына сказала, што муж не трымаецца на нагах і што вочы яму прамывалі вадой усёй сям'ёй.

— Мы заўтра выклічам доктара, ён праўда нетранспартабельны, — зачытвае пракурор словы жонкі Юрына.

Падчас допыту сведак стала вядома, што пацярпелы ў той вечар выпіў у бары 300 грамаў гарэлкі, а тры піва — яго таварыш Каратаеў. Пры гэтым на судзе згадвалася, што вага пацярпелага — каля 120 кілаграмаў.

16:00

— На судовым пасяджэнні вы растлумачылі, што пасля падзей патэлефанавалі Юрыну даведацца, што адбылося, але ён сказаў, што не цяпер. А ў пратаколе пазначана, што вы патэлефанавалі праз пару дзён і спыталі, на што ён адказаў, што ўвайшоў у пад'езд, зрабіў заўвагу хлопцу, на што хлопец распыліў балончык у твар. Мяркуючы па пратаколе, вы яшчэ і пыталіся, ці рабіў Юрын хлопцу грубыя заўвагі. А як было на самай справе? — пытаецца абаронца Паліенкі.

Сведка Каратаеў адказвае, што дэталі таго, што адбылося, даведаўся ў дзень, калі ўсё і адбылося:

— Тое, што справа адбывалася ў пад'ездзе, што пырснулі балончыкам, што была заўвага за курэнне, — усё гэта даведаўся, мяркуючы па ўсім, у дзень, што здарылася. Але шмат чаго я не ведаю да гэтага часу: абвінавачанага я не ведаю, што тут адбываецца, я не ведаю.

Суддзя Пётр Арлоў вырашыў растлумачыць:

— Тое, што тут адбываецца, гэта прасцей за ўсё: вы знаходзіцеся ў будынку Мінскага гарадскога суда, ідзе судовае разбіральніцтва, гэта абвінавачваны, а вы сведка. З астатнім пакуль складаней.

— Я ведаў інфармацыю, якую пералічыў, — сказаў Каратаеў.

— Засталося даведацца, з чыіх слоў, — рэзюмаваў суддзя Арлоў. 

15:30

Суддзя папрасіў сведку Леаніда Каратаева ў вольнай форме расказаць пра вядомыя яму акалічнасці здарэння 13 марта:

— Ну, мы з Аляксеем сустракаліся, ну проста таму што сустракаліся... Пайшлі ў рэстаран "Хмельная застава", дзе, уласна, і пасядзелі. Пасля гэтага разышліся дадому, раз'ехаліся на тралейбусах. Калі я пад'язджаў да дома, то патэлефанаваў яму па тэлефоне. Трубку зняла яго жонка. Яна сказала, што па дарозе дадому ён дзесьці атрымаў з пярцовага балончыка. Я выклікаў таксі, прыехаў да іх. Бачыў, што бачыў. Аляксей ляжаў у ложку з чырвоным тварам, скажам так. Толкам, я думаю, наўрад ці ён нешта бачыў. Па просьбе яго жонкі я схадзіў у аптэку, купіў лекі. Вось і ўсё.

15:10

Дапытваюць сведку Ірыну Сувораву. Яна працуе адміністратарам у кавярні "Хмельная застава", дзе ўвечары 13 сакавіка адпачываў пацярпелы Аляксей Юрын з таварышам.

Яна кажа, што мужчыны заказалі не шмат спіртнога: 250-300 грамаў гарэлкі і некалькі куфляў піва.

Пракурор зачытаў пратакол допыту Суворавай. Яна расказвала, што ў той вечар мужчыны прыйшлі ў кафэ каля 17:30. Заказалі дзве порцыі сырнай закускі "Бомбачкай з хрумсткай філадэльфіяй", 300 грамаў гарэлкі "Бульбашъ Асаблівая", два куфлі піва па 0,5. Прыкладна праз гадзіну мужчыны заказалі яшчэ адзін куфаль піва 0,5 і шклянку яблычнага соку. Прыкладна а 18:00 мужчыны заплацілі па рахунку 42 рублі 80 капеек і выйшлі з кафэ.

Наступны сведка — прыяцель пацярпелага Леанід Каратаеў. 13 сакавіка ён разам з пацярпелым Юрыным выпіваў у "Хмельнай заставе".

14:50

Розныя паказанні ў пацярпелага і наконт таго, як ён дабіраўся дадому. У пратаколах пазначана, што пешшу, падчас следчага эксперымента — пешшу і на тралейбусе.

Адвакат Паліенкі спытала, з чым звязаная розніца ў паказаннях. Пацярпелы Аляксей Юрын звычна адказаў, што не надаваў значэння гэтай інфармацыі. У апошнім дадатковым допыце, які зачытвае пракурор, пацярпелы нарэшце вызначыўся з алкаголем: ён выпіў 300 грамаў гарэлкі.

Суддзя Пётр Арлоў пытаецца, чаму падчас пасяджэння суда Юрын казаў, што піў піва.

— Я проста пакаштаваў, напэўна. Я піва не піў, — адказаў пацярпелы.

Суддзя настойвае і задае пытанне па-іншаму:

— У мяне пытанне па колькасці выпітага. Чаму вашы паказанні трансфармуюцца ў гэтай частцы?

— Я чалавек такі... Я ведаю меру, таму ніколі не надаю гэтаму значэння, — адказаў Юрын.

Пацярпелы не мае матэрыяльных прэтэнзій да Паліенкі. Мяркуючы па ўсім, наогул ніякіх прэтэнзій да яго не мае. Просіць толькі аддаць паліто, але пракурор кажа, што Паліенка ў яго паліто не забіраў.

14:30

Паказанні пацярпелага розняцца. Так, спачатку пацярпелы пазначыў, што не піў, але на судзе сказаў, што піў піва і гарэлку, а ў іншых пратаколах заяўляў, што піў толькі піва.

Таксама ён паказваў на тое, што пасля таго, што адбылося, на сцягне з'явілася гематома. Але ён не можа вызначыцца: ці то траўму атрымаў сам, ці то яго ўдарыў Паліенка. Наконт таго, ці быў п'яны Паліенка, ён таксама не ўпэўнены, але такую здагадку зрабіў.

Абаронца Паліенкі пытаецца пацярпелага: чаму яго паказанні наконт выпітага спіртнога розняцца?

Пацярпелы расказвае, што спрабаваў успомніць дэталі, у гэтым яму дапамог сябар.

Цікава, што адразу пацярпелы не звярнуўся з заявай у міліцыю, таму што не надаў вялікага значэння сітуацыі.

14:20

Пасяджэнне нарэшце працягнулася.

Пракурор зачытвае пратаколы допыту пацярпелага.

У іх пазначана, што 13 сакавіка пацярпелы вяртаўся дадому, зайшоў у пад'езд, убачыў хлопца, які спускаўся па лесвіцы і прыкурваў цыгарэту. Раней пацярпелы гэтага хлопца не бачыў. На судзе ён тлумачыць, што не памятае, курыў хлопец або толькі падкурваў. Зрабіў яму заўвагу пра курэнне ў пад'ездзе. Ветліва спытаў, ці не мог бы той закурыць на вуліцы. Пасля гэтага хлопец пырснуў у вочы пацярпеламу пярцовым балончыкам. Самога балончыка ён не бачыў, але адчуў пах перцу і смыленне ў вачах. Дома ён апынуўся дзякуючы сыну і толькі там усвядоміў, што адбылося.

Абаронца Паліенкі пытаецца ў пацярпелага, чаму яго паказанні розняцца. Раней на судзе ён казаў, што на кукішках, прыхінуўшыся да сцяны, дапоўз дахаты.

— А тады вы казалі, што нічога не памятаеце і ачуліся толькі дома. Чаму вы далі такія паказанні 15 сакавіка?

— Таму што з часам я сам для сябе пачаў аднаўляць падзеі, — адзначыў пацярпелы.

Пракурор зачытвае наступны пратакол. З новага там тое, што пацярпелы ўбачыў, як незнаёмы яму малады чалавек — Паліенка — пасля заўвагі пра курэнне ў пад'ездзе палез у кішэнь і дастаў нешта, а затым пырснуў у твар пацярпеламу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі