Вы тут

Румас: Мы не імкнемся да сяброўства ў ЕС, але зацікаўленыя ў супрацы

На сустрэчы Румаса і Шубеля / БЕЛТА

Беларусь хоча як мага хутчэй вырашыць візавае пытанне і пашырыць ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам. Пра гэта прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў на сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзіркам Шубелем, перадае БЕЛТА.

"Мы не імкнемся да сяброўства ў ЕС, але зацікаўленыя ў выбудоўванні супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў. Нам неабходна ліквідаваць бар'еры, якія засталіся, і пераходзіць да развіцця гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага ўзаемадзеяння, пашыраць галіновае супрацоўніцтва, кантакты паміж прадстаўнікамі бізнэсу", — паведаміў кіраўнік урада.

Румас звярнуў увагу, што паміж Беларуссю і Еўрасаюзам няма базавага пагаднення аб узаемадзеянні. Таксама ён падкрэсліў, што Беларусь завяршыла ўсе ўнутраныя працэдуры для падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. "Разлічваем, што ЕС таксама бліжэйшым часам завершыць гэтыя працэдуры", — дадаў ён.

Дзірк Шубель распавёў, што ведае Беларусь па папярэдняй працы, удзельнічаў у перамовах па падрыхтоўцы пагаднення аб прыярытэтах партнёрства. Ён выказаў надзею, што ўдасца "выйсці на падпісанне дакумента, каб рухацца наперад па новым пагадненні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.