Рой Мядзведзеў напісаў пазітыўную кнігу пра Беларусь і Лукашэнку

Вядомы расійскі гісторык вывучыў “феномен беларускай мадэлі” і распавёў Еўрарадыё, чым Беларусь лепшая за Расію, і чаму нашу краіну не любяць крамлёўскія чыноўнікі. Кнігу баяліся друкаваць расійскія выдавецтвы, але “асмялелі”, калі Лужкоў набыў адразу 2 тысячы экземпляраў для маскоўскіх бібліятэк. Рой Мядзведзеў: Кніга ўжо завершаная, набраная і рыхтуецца да выдання. Цяпер ідзе падбор ілюстрацый — вельмі працаёмкая справа. Кніга называецца так: “Аляксандр Лукашэнка: феномен беларускай мадэлі”. А першая назва была — “Беларуская крэпасць”. Кніга складаецца з 6 раздзелаў.

Еўрарадыё: Гэта біяграфічны твор?

Рой Мядзведзеў: Не, не біяграфічны. Гэта кніга пра тое, як стваралася і развівалася Беларусь. Пра яе ўдала знойдзеную эканамічную мадэль. Вельмі пазітыўная. Бо я быў у Беларусі, сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. І ён праз Паўла Лёгкага [кіраўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі — заўв. Еўрарадыё] даў у сваю Адміністрацыю ўказанне: Рой Мядзведзеў можа ў Беларусі сустрэцца з кім хоча, паглядзець усё, што яму трэба, і застацца на столькі, на колькі патрэбна. У мяне быў карт-бланш, магчымасць усё паглядзець.



Еўрарадыё: Калі можна чакаць гатовы наклад?

Рой Мядзведзеў: Да верасня кніга мусіць выйсці.

“У мяне сабраная поўная падшыўка “Народнай волі” за апошнія гады!”

Еўрарадыё: Якімі крыніцамі вы карысталіся ў сваёй працы?

Рой Мядзведзеў: Крыніцаў вельмі шмат. Я пачаў пісаць гэтую кнігу яшчэ 4 гады таму. Некалькі сапраўдных мяхоў з самымі рознымі кнігамі атрымаў з Акадэміі навук Беларусі. І амбасадар Сербіі ў Беларусі Срэчка Джукіч высылаў мне ўсе беларускія газеты, без выключэнняў. Усе часопісы. Напрыклад, у мяне сабраная поўная падшыўка “Народнай волі” за апошнія гады!

Еўрарадыё: А з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі вы кантактавалі?

Рой Мядзведзеў: Так, падчас майго знаходжання ў Мінску да мяне завіталі апазіцыянеры. На жаль, не памятаю прозвішчаў... Яны таксама прынеслі кнігі. Некалькі тоўстых тамоў. І я прачытаў кнігу Аляксандра Фядуты і вашага былога міністра замежных спраў, Пятра Краўчанкі. Шмат з таго, што там напісана, мне падалося вельмі нацягнутым.

І, паўтаруся, самыя карысныя крыніцы я атрымаў ад Срэчкі Джукіча. Ён напісаў пасляслоўе для расійскага выдання кнігі. Цяпер яна перакладаецца на сербскую, і там ужо ён напісаў не пасляслоўе, а прадмову.

А размова з Лукашэнкам была ў самым канцы.

“Ніводнае буйное выдавецтва не хацела браць пазітыўную кнігу пра Беларусь”

Еўрарадыё: Можа, Аляксандр Лукашэнка быў сярод першых чытачоў кнігі?

Рой Мядзведзеў: Не, калі я прыязджаў да яго, калі адбылася нашая размова, быў гатовы толькі першы раздзел. Дарэчы, я ўжо друкаваў яе ў Беларусі — у 12-м нумары часопіса “Беларуская думка”.

Але я даваў яе чытаць Юрыю Лужкову. Той азнаёміўся і даручыў прааналізаваць яе экспертнай радзе Масквы. Таму што я напісаў Лужкову, што ніводнае буйное выдавецтва не хацела браць пазітыўную кнігу пра Беларусь. Нават не пра Лукашэнку — пра Беларусь! Гэта вельмі дзіўна: буйныя, сур’ёзныя выдавецтва баяліся... нейкага гневу.

Еўрарадыё: Кніга атрымала падтрымку маскоўскага муніцыпалітэту?

Рой Мядзведзеў: Лужкоў пакінуў асабістую рэзалюцыю: азнаёміцца з рукапісам і падтрымаць. І адразу замовіў 2 тысячы асобнікаў для маскоўскіх бібліятэк. Але сумарны наклад яшчэ невядомы: яшчэ як мінімум тысяча асобнікаў трапіць на палічкі маскоўскіх крам. І, я думаю, будзе выдадзены наклад для Беларусі.

Пакуль што мы не ведаем таксама, дзе і калі будзе адбывацца прэзентацыя. Хацелі зладзіць у Паўла Барадзіна [у Сакратарыяце Саюзнай дзяржавы — заўв. Еўрарадыё]. Але гэта нейкая незразумелая арганізацыя. Яны чамусьці не адгукнуліся на маю просьбу па дапамогу, не далі ніякіх матэрыялаў, хаця і выдаюць дзве газеты: “Союз” і “Союзное Вече”. І з амбасадай Беларусі таксама ніякіх размоваў пакуль што не было.

“Расія да Беларусі ставіцца несправядліва!”

Еўрарадыё: Атрымліваецца, кніга вырасла з апублікаванага артыкулу ў “Беларускай думцы”?

Рой Мядзведзеў: Не, задума кнігі ўжо была, і Лукашэнку я пазнаёміў з яе зместам. І апошні раздзел, тады яшчэ не напісаны, бо патрэбныя былі і асабістыя ўражанні, і размова, якая цягнулася больш за дзве гадзіны, называецца “Штрыхі палітычнага партрэта Аляксандра Лукашэнкі”.

Я не наважыўся пісаць ні біяграфію, ні поўны палітычны партрэт, бо гэта патрабавала сталага назірання, стасункаў, вывучэння шмат якіх матэрыялаў, якіх у мяне не было. Таму я “намаляваў” штрыхі да партрэта.

Еўрарадыё: Наколькі ў мяне атрымліваецца сачыць за расійскімі СМІ, там пазітыўны погляд на Беларусь няшмат дзе сустрэнеш...

Рой Мядзведзеў: ...і я шмат пішу пра гэта! Вялікі раздзел называецца “Расія і Беларусь”. Я аналізую нашы адносіны. Я абвяргаю, што Беларусь жыве за кошт Расіі. Насамрэч падрабязны аналіз сведчыць пра тое, што Расія нават у эканамічным плане, а не толькі ў палітычным, атрымлівае ад саюза з Беларуссю нашмат больш. Расія ставіцца да Беларусі несправядліва.

Я не буду казаць пра прычыны. Аляксандр Рыгоравіч хацеў пачаць размову пра Пуціна, але я не падтрымаў яе. Я не разбіраю асабістыя ўзаемаадносіны палітычных лідэраў. Я станоўча ацэньваю іх дзейнасць, але розныя людзі, розныя менталітэты, розная падрыхтоўка, розны жыццёвы шлях...

Еўрарадыё:
Дык які ж асноўны змест кнігі?

Рой Мядзведзеў: Ва ўсіх сферах я прыводжу лічбы. Параўноўваю 5 краінаў на працягу апошніх 20 гадоў: Расію, Казахстан, Украіну і Беларусь і пятую іншую, напрыклад, Узбекістан. Беларусь для сваёй тэрыторыі і эканомікі мае вялікія поспехі. Не была разбураная прамысловасць, як у Расіі. Прадукцыйнасць працы вышэйшая па ўсім спектры эканомікі, за выключэннем здабываючай галіны, якой у Беларусі папросту няма. У сельскай гаспадарцы, напрыклад. Лепш працуе транспарт, чыгунка, аўтадарогі. Паводле ўсіх асноўных паказчыкаў Беларусь выглядае лепш.

Таму Расія, на маю думку, да Беларусі ставіцца несправядліва.

“Расійскае чынавенства ставіцца да Беларусі адмоўна найперш таму, што ў тых галінах, за якія гэтыя чыноўнікі адказваюць, Беларусь выглядае лепш”


Еўрарадыё: Так, калі, напрыклад, прыгадаць фільм “Крёстный батька”, які ўчора паказалі па НТВ...

Рой Мядзведзеў: Фільм гэты — абразлівы, грубы, прымітыўны. Адмыслова падрыхтаваны... Я б нават інтэрв’ю каму-небудзь даў наконт таго, наколькі шмат там фальсіфікацыяў і скажэнняў. Мне падаецца, што гэта частка арганізаванай інфармацыйнай кампаніі, хаця мне пра гэтыя канспіралагічныя сферы складана меркаваць.

У Расіі шмат чыноўнікаў, якія прыйшлі ва ўрад пры Ельцыне, пры Чубайсе, і застаюцца дагэтуль. Яны не любяць Лукашэнку і падтрымліваюць стасункі з апазіцыяй. Расійскае чынавенства ставіцца да Беларусі адмоўна найперш таму, што ў тых галінах, за якія гэтыя чыноўнікі адказваюць, Беларусь выглядае лепш.

Еўрарадыё: Вы бачылі гэты фільм?

Рой Мядзведзеў: Я яго бачыў не адзін раз. Ён наспех змантаваны з фільмаў, якія рабіў яшчэ Павел Шарамет. Некалькі эпізодаў я бачыў яшчэ раней, пры пачатку 2000-х, яшчэ на НТВ Гусінскага. Гэта такая брудная крыніца... З імі былі злучаныя больш сучасныя кадры, выдраныя з кантэксту. Ніводнага станоўчага прыкладу няма — а такіх прыкладаў у Беларусі шмат!

Еўрарадыё: Але чаму гэтая прэм’ера ўсё ж такі адбылася? Ужо ж нават дакументы па Мытным саюзе падпісаныя!

Рой Мядзведзеў: Прэм’еры плануюцца загадзя. Проста яе не адмянілі. Ніхто не патэлефанаваў і не сказаў устрымацца. Магчыма, сігнал быў пададзены ад самага пачатку нядаўняга газавага канфлікту. Але я нават не намагаюся гэта высветліць, таму што ніхто праўды не скажа.

А вось тое, што там удзельнічаюць пэўныя асобы, пра якіх я раней думаў нашмат лепш, мяне вельмі засмуціла. Канстанцін Затулін, паважаны чалавек, удзельнік некалькіх фракцый Дзярждумы...

Пяць пытанняў да Лукашэнкі

Еўрарадыё: Можа, гэта такая рэакцыя на “газавую вайну”?

Рой Мядзведзеў: І пра гэта я таксама пішу! Газавыя канфлікты адбываюцца штогод. З аднаго боку, гэта вынік дэзінфармацыі, няведання. А з іншага — яны цалкам лагічныя! Такіх канфліктаў у свеце поўна! Напрыклад, паміж ЗША і Кітаем. Усе рынкавыя адносіны пабудаваныя на гандлі, спрэчках, палеміцы, гандлёвых войнах. Гэта ў сацыялістычным грамадстве ўсё вырашалася ў Дзяржплане, а беларускую эканоміку я вызначаю як рынкавы сацыялізм, падобны да кітайскага.

Гандлёвыя войны праходзяць, таму мяне гэтая тэма не вельмі захапляе. Напрыклад, малочныя спрэчкі: гэта лабісты, незадаволеныя танным беларускім малаком і сырам, губляюць грошы і нават не праз урад, а праз Анішчанку пачынаюць уплываць, затрымліваюць на тыдзень прадукцыю... Яны пра гэта адкрыта кажуць, і я маю друкаваныя сведчанні. Бізнесмены не саромеюцца казаць, што ў канфлікце з Беларуссю выкарыстоўваюцца адміністрацыйныя рычагі. Гэта канкурэнцыя, якая ў Беларусі з Расіяй па шмат якой прадукцыі праходзіць.

Еўрарадыё: А з Лукашэнкам вы абмяркоўвалі канфлікты паміж Беларуссю і Расіяй?

Рой Мядзведзеў: Адразу было вядома, што нашая размова адбудзецца tête-à-tête, у даверным фармаце. Таму я не пераказваю яе трэцім асобам, яе змест мусіць застацца паміж намі.

Адно што — пяць пытанняў я задаў Лукашэнку пісьмова. І праз нейкі час атрымаў грунтоўныя, разгорнутыя адказы. Яны ўвойдуць у кнігу — што цалкам, што фрагментамі.

Даведка Еўрарадыё: Рой Мядзведзеў — вядомы савецкі і расійскі гісторык, палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў 1925 годзе ў Тыфлісе. Аўтар шэрагу кніг па гісторыі СССР, у тым ліку — выдатных даследванняў сталінскай эпохі. У 2008 годзе з-пад пяра Роя Мядзведзева выйшла біяграфія Ўладзіміра Пуціна.

Фота: СЕГОДНЯ.ua, ИТАР-ТАСС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі