Рэпрэсіі працягваюцца, нягледзячы на адлігу ў адносінах з ЕС

Прэзідэнт паступова ўзмацняў хватку, піша Стэфан Вагсціл Павел Кур'ьяновіч быў школьнікам, калі ўпершыню прыйшоў на палітычныя дэманстрацыі тры гады таму. Зараз яму 19 і ён ужо апазіцыйны ветэран, 4 разы прысуджаны да зняволення.

Тыя 60 дзён, што ён правёў у турме за парушэнне грамадскага парадку, не паслабілі яго памкнення кінуць выклік прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. Ён кажа: "Чаму трэба змагацца? Ды таму, што мы павінны. Людзі разумеюць, што сітуацыю трэба змяніць, але яны не разумеюць, што для гэтага трэба праяўляць актыўнасць".
 
Яго 20-летняя сястра Паліна Кур'яновіч лічыць так жа. Яна правяла каля 30 дзён у турме за палітычныя пратэсты, уключаючы пяць дзён за тое, што ў яе ў сумачцы быў знойдзены сцяг Еўрасаюза, які яна збіралася разгарнуць на дзяржаўным канцэрце. Акрамя затрыманняў, абодва студэнта паплаціліся сваёй вучобай: брат быў выключаны з універсітэта, а сястра адхіленая ад заняткаў.
 
Актывісты апазіцыі заплацілі высокую цану ў выглядзе вучобы, кар'еры і свабоды за свае перакананні. Усё яшчэ не зразумела, ці зменіць нядаўняе збліжэнне Мінска з Захадам што-небудзь.
 
Прэзідэнт Лукашэнка вызваліў усіх палітвязняў, уключаючы Аляксандра Казуліна, былога кандыдата ў прэзідэнты, вызваленага ў жніўні пасля адбыцця 5,5-гадовага тэрміна ў калоніі за хуліганства. Урад таксама лібералізаваў некаторыя правілы выбарчай кампаніі падчас парламенцкіх выбараў у верасні. Але вынікам усё роўна стала поўная перамога прапрэзідэнцкіх кандыдатаў, у той час як апазіцыі не ўдалося атрымаць ніводнага крэсла. Міжнародныя аглядальнікі з Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе адзначылі, што, "нягледзячы на невялікія паляпшэнні", галасаванне "не адпавядала" дэмакратычным стандартам.
 
Віталь Сіліцкі, дырэктар Беларускага Інстытута Стратэгічных Навук, незалежны эксперт, лічыць: "Ціск цяпер слабей, чым 2 гады таму. Гэта часткова тлумачыцца тым, што мы знаходзімся ў сярэдзіне прэзідэнцкага выбарчага цыклу [мінулыя выбары адбыліся ў 2006 годзе, а наступныя будуць арганізаваныя ў 2011]. Апазіцыя аслабленая. Мае адбыцца пагадненне  з Еўрасаюзам. А насамрэч нічога не змянілася".
 
Лукашэнка сцвярджае, што апазіцыі вельмі мала - "не больш,  чым статыстычная памылка" - і сур'ёзна перабольшвае яе цяжкасці. Аднак праваабаронцы сцвярджаюць, што апазіцыя такая слабая з-за таго, што дзяржава такая рэпрэсіўная. Freedom House ставіць Беларусь у шэраг горшых постсавецкіх рэспублік паводле стану правоў чалавека і палітычных свабод. У снежні Беларусь была адной з чатырох краін, правераных Генеральнай Асамблеяй ААН па прычыне праблем у сферы правоў чалавека.
 
Лукашэнка паступова ўзмацняў хватку на ўладзе з тых часоў як быў абраны ў 1994 годзе. Рэжым мінуў праз сваю брутальную фазу ў 1999-2000 гадах, калі зніклі тры апазіцыйных палітыка і тэлевізійны журналіст Дзмітрый Завадскі. З тых часоў улады былі больш асцярожныя, аднак негвалтоўны ціск на апазіцыю працягваўся.
 
Аляксандр Мілінкевіч, лідэр апазіцыйнага альянсу і руху "За Свабоду" распавядае: "Я не магу выступіць па тэлебачанню альбо радыё, у нас практычна няма доступу да прэсы. Калі я кудысьці еду і жадаю зняць залу, гэта немагчыма. Калі я прызначаю сустрэчу, то людзі, што прыйшлі туды, знаходзяцца пад пагрозай арышту… Гэтая сістэма пабудаваная на страху".
 
У апазіцыйных лідэраў мноства доказаў гэтаму.
 
У той час як існаванне апазіцыйных партый дазволенае, на практыцы іх вельмі складана зарэгістраваць. Даўно выключаныя з парламента, яны былі практычна цалкам выгнаныя з мясцовых рад у мінулым годзе. Колькасць апазіцыянераў у мясцовых радах скарацілася з 227 з 22670 да 20. Для правядзення дэманстрацый патрабуецца дазвол, які практычна немагчыма атрымаць.
 
Каля двух трэцяў з 1200 газет і часопісаў з'яўляюцца недзяржаўнымі, але вялікая іх частка  - забаўляльныя і непалітычныя. Найбуйнейшая незалежная газета "Народная Воля" выходзіць тыражом 20000 асобнікаў, у той час як тыраж дзяржаўнага штодзённіка "Беларусь сёння" - 500000. Усе чатыры беларускія тэлевізійныя каналы належаць дзяржаве.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі