Журы і гледачы судзяць розныя конкурсы Еўрабачання

Судзілі 17 паўфіналістаў пяцёра чалавек. Сярод іх Анатоль Ярмоленка і выканаўчы прадзюсар тэлеканала ЛАД Людміла Барадзіна. Па ўмовах конкурсу, сябры журы не маюць права казаць, за каго яны галасавалі, але некаторыя таямніцы “судзейскай кухні” прыадкрыць пагадзіліся. 
Як высвятлілася, журы і гледачы судзяць розныя выступленні.
“Справа ў тым, што журы праглядае генеральную рэпетыцыю. У чым і ёсць нейкая своеасаблівасць гэтага конкурсу. Журы судзіць генеральную рэпетыцыю, а гледачы паўфінал і сам конкурс. А ў выніку атрымоўваецца, што мы судзім два розныя выступленні”, - распавяла Еўрарадыё Людміла Барадзіна.
На яе думку, некаторыя выканаўцы ў паўфінале выступілі нашмат лепш, чым на рэпетыцыі.
Людміла Барадзіна: "Яскравей выступіла Партугалія. Латвія відаць прастыла хаця голас у яе добры вельмі і выканаўца таленавітая. У самім конкурсе цікавей выступілі Сербы".
Таму некаторыя выканаўцы, якіх адзначыла беларускае журы ў фінал не прайшлі.
"Мне вельмі спадабаліся некаторыя, хто ўвайшоў у фінал. Але, на жаль, не ўвайшла Мальта, Латвія магла б быць", - кажа Анатоль Ярмоленка.
Адзначыла Мальту, дарэчы, і Людміла Барадзіна, ды не толькі яе.
"Я адзначыла Мальту, і мне не зусім зразумела, чаму яна не трапіла ў фінал. Таму што і спявачка яркая, і нумар цікавы. Але ў конкурсе Еўрабачанне некаторыя рэчы вельмі цяжка патлумачыць. Мне спадабаўся выступ палякаў. І песня цікавая, і сам выканаўца. Тое ж магу сказаць і наконт фінаў".
Сябры журы праглядалі рэпетыцыю ў студыі беларускага тэлебачання, але галасаванне было таемным і ніхто не ведаў, за каго галасуюць іншыя, кажа Анатоль Ярмоленка.
"Мы былі на тэлебачанні, там усталявалі вялікі экран, паставілі гук. Потым нам выдалі лісты, якія мы запоўнілі. Потым кампутар падлічваў. Па ўмовах фестывалю кожны ставіў свае месцы індывідуальна і ніякіх дамоўленасцяў тут не было".
Тое ж самае будзе з галасаваннем ў фінале. Журы прагаласуе ў пятніцу, а ў суботу ўжо гледачы ў прамым эфіры выбяруць сваіх пераможцаў. Сумы складуць і атрымаецца вынік.
Людміла Барадзіна: "Такая сітуацыя была з Юрай Дземідовічам. Перад генеральнай рэпетыцыяй, якую судзіла журы ён атрымаў траўму сур'ёзную і не змог выступіць на ўсе сто. Але ж на самім конкурсе выступіў нашмат лепш. Але вынік атрымаўся сярэдні".
Выступ беларускага гурта 3+2 Анатоль Ярмоленка ацаніў, як нармальны, хаця ў пачатку ў нашых былі недахопы.
"Спявалі як маглі. Я думаў, што будзе горш, бо артысты маладыя і няма вопыту на такіх вялікіх сцэнах выступаць. Тое, што яны прайшлі ў фінал гэта дасягненне. Песня прыгожая, выконвалі яе нармальна. Мне здаецца што засталіся ў памяці крылы. З першага разу запамінаецца візуальны рад. А ён быў у нас добры. Таму мы ўвайшлі ў дзесятку. Крыху жаночыя галасы няўстойлівыя былі. Я думаю, што гэта хваляванне. Але ўвогуле салісты асноўныя справіліся са сваёй задачай".
Еўрарадыё запыталася на вуліцах сталіцы, каму аддалі перавагу мінакі.
Дзяўчына: "Цяжка адказаць. Я да Еўрабачання стаўлюся з насмешкай, як і Вялікабрытанія".
Дзяўчына: "Малдова мне вельмі спадабалася. А больш мне ніхто там моцна не спадабаўся".
Група студэнтаў: "Першае месца, толькі не беларусам. У нас усё шаблонна. Трэба нешта мяняць. Можа Расіі аддалі б голас. Хоць мы патрыёты. Але ў нас пакуль не той узровень".
Хлопец: "Ёсць праблемы больш сур'ёзныя, чым Еўрабачанне. Пагадзіцеся".
Група жанчын: "Вось пад нумарам 17 выступала Ісландыя. Мы разам глядзелі і за яе ўсе. У яе па энергетыцы выступленне было прыемнае".



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі