За адзін дзень берасцеец адціснуўся 5 разоў па 100

120125 Golas_site.mp3

Тым самым будзе перавышаны ў 10 разоў вынік адной з груп “vkontakte“. Удзельнікі акцыі адціскаюцца ад падлогі пад эгідай “Здаровы лад жыцця”. Вынікі потым заносяць у рэжыме суміравання з папярэднім на рахунак “vkontakte”. Еўрарадыё паразмаўляла з адным з арганізатараў акцыі Алегам Голасам.

Еўрарадыё: Акцыя стартавала 20-га студзеня. Як доўга яна будзе працягвацца? Колькі трэба часу берасцейцам, каб адціснуцца мільён разоў?

Голас: Гэтая акцыя “Мільён імкненняў да здаровага ладу жыцця”. Колькасць ужо не прынцыповая. Першапачаткова мы планавалі дасягнуць вяршыні сёлета. Пасля таго, як пачалі далучацца берасцейцы – журналісты і вядомы Віктар Братчэня, наш мужны зямляк, чэмпіён свету па армрэслінгу – мы зразумелі, што колькасць не мае ўжо ніякага значэння.

Еўрарадыё: А як вы сочыце? Можа людзі проста “у кантакце” пішуць, што паадціскаліся 20-30 разоў… А як гэта праверыць?

Голас: Слушнае пытанне. Адзін з хлопцаў раскідваўся ў нас сотнямі адцісканняў. Мы звярнуліся да яго запісаць гэта. Сёння ён закінуў гэта на “ю-туб” і мы зможам прадэманстраваць і паказаць, як гэта трэба рабіць.

Еўрарадыё: Ці ўсе адцісканні залічаюцца?

Голас: Мы ўсё ж такі грунтуемся на даверы. З блогу і з групы “Вменяемый борец” мы звярнуліся не ашукваць адно аднаго. Бо больш за ўсіх, мы падманваем саміх сябе. Хлусіць свайму гораду не выпадае. Таму мы спадзяемся на чэсныя вынікі. А як правільна адціскацца дзяўчынам і хлопцам – мы маем сціслыя рэкамендацыі. Гэта паказана нават малюнкамі. Але галоўнае – удзел.

Еўрарадыё: Колькі адцісканняў зарэгістравана на сёння?

Голас: На гэты момант, калі казаць дакладна, – 6185.

Еўрарадыё: Уначы нават адціскаецеся…

Голас: І ўдзень, і ўначы, у любое надвор’е. Тут падключыўся адзін спартовы клуб, і мы чакаем яшчэ большых вынікаў. Хлопцы наважыліся адціскацца на трэніроўках і вынікі вывешваць у нашы сеткі.

Еўрарадыё: Колькі сяброў “У кантакце”? Колькі людзей адціскаюцца, і колькі сярод іх дзяўчат?

Голас: Складана сказаць. Я магу цяпер назваць: 131 паведамленне. Гэта значыць, што 131 раз хтосьці пажадаў прадэманстраваць свае вынікі. Вельмі цешыць, што сярод удзельнікаў ёсць дзяўчаты і дзеці – па 11-12 гадоў.

Еўрарадыё: Хто больш за ўсіх адціснуўся за адзін дзень?

Голас: Ёсць такі рэкардсмен – ён прасіў не распаўсюджваць яго імя і прозвішча. Менавіта гэты хлопец запісаў відэа, таму неўзабаве ўсе змогуць яго ўбачыць. За адну нядзелю ён адціснуўся пяць разоў па сто. Хлопец – спартовец. Ён з васьмі гадоў цікавіцца спортам, таму яму не было надта цяжка. Мы яму вельмі ўдзячныя. Я ўзгадаў пра Віктара Братчэню – ён рэгулярна заходзіць і па сто разоў закідвае ў агульную скарбонку.

Еўрарадыё: Раз у Віктара Братчэні з’явіўся канкурэнт, то можа яны будуць спаборнічаць?.. Сяміразовы чэмпіён свету не захоча саступіць камусьці…

Голас: Не хацелася б канкурэнцыі. Лепей, каб была жывая цікавасць, каб людзі з задавальненнем удзельнічалі, а не шукалі нейкага спаборніцтва. Хоць і гэта, зрэшты, не дрэнна. Мы рыхтуем падарунак аднаму з удзельнікаў з нагоды 5-тысячнага разу. Найбольш актыўныя атрымаюць граматы ўдзячнасці, як мы і абяцалі. Сціплыя падарункі рыхтуе моладзева-грамадскае аб’яднанне “Наследие”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі