Вінцук Вячорка: Яны баяліся менавіта беларускай службы “Свабоды”

111130 VjachorkaS.mp3

Еўрарадыё: Сёння ўгодкі спынення дзейнасці “глушылак” на ўсёй савецкай прасторы. Вялікая колькасць “глушылак” “варожых” радыёстанцый знаходзілася ў Беларусі. У 1963 годзе была спроба ўзарваць адну з такіх “глушылак” у цэнтры Мінска, і цяпер пасля яе засталіся нейкія сляды. Як увогуле можна было слухаць гэтыя радыёстанцыі, што для гэтага трэба было мець, ці чаго не мець?

Вячорка: Для гэтага трэба было мець адпаведнае кароткахвалёвае радыё. На шчасце, купіць такое можна было ў Савецкім Саюзе: былі мінскія “Акіяны”, рыжскія ВФ-ы. “ВФ” лічыліся лепшымі, таму я ўжо ў чатырнаццаць гадоў улетку, працуючы ў Доме друку ў друкарні, зарабіў сабе нейкія грошы і купіў адпаведны ВФ, які доўгія гады мне праслужыў. Слухаць трэба было, робячы адпаведную доўгую антэну з дроту, развешваючы яе, як правіла, з заходняга боку кватэры, альбо выязджаць далёка за горад: дзе знаходзіліся “глушылкі” – мы добра ведалі. Скажам, калі мы хадзілі да Змітра Падбярэзскага, які жыў на Залатой Горцы, запісваць “Let Zeppelin”, то гэтыя запісы атрымліваліся ўсе бракаваныя.

Еўрарадыё: Вы, напэўна, уладкаваліся ў Дом друку спецыяльна, каб мець доступ да паперы… Мала хто ведае з моладзі нашай, але ў савецкія часы нельга было пайсці і купіць, як цяпер, блок паперы ў краме, каб, напрыклад, надрукаваць штосьці. Бо – стратэгічны тавар…

Вячорка: Чатырнаццацігадоваму чалавеку ў прынцыпе ўладкавацца на працу было цяжка, а там, проста, у мяне былі магчымасці гэта зрабіць. А пра паперу я думаў у другую чаргу, бо сам выдавецкі перыяд у мяне пачаўся крыху пазней – недзе з шаснаццаці-сямнаццаці гадоў.

Еўрарадыё: За самвыдат можна было “атрымаць па шапцы” і не кепска. А за слуханне радыё, калі вы выязджалі некуды за горад, вас лавілі міліцыянты?

Вячорка: Ніхто не слухаў у лесе ці ў полі: слухалі ў вёсцы, слухалі на лецішчы. Адкрыта, з расчыненымі дзвярыма ніхто гэтага не рабіў. Я ў сваёй практыцы і сярод сваіх знаёмых не сустракаўся з тым, каб каго-небудзь лавілі. Зрэшты, і лавіць было мала сэнсу, таму што глушэнне было вельмі сур’ёзнае, прычым слабей глушылі “Нямецкую Хвалю” і BBC, мацней – “Голас Амерыкі”, а найбольш глушылі расійскую і тым больш беларускую службу “Радыё Свабода”. Вось там я ўпершыню пачуў “Радыё Свабоду”. Я тады вучыўся ў дзясятым класе, выконваў доўгае нуднае заданне па тэхнічным крэсленні і раптам пачуў некалькі беларускіх словаў у пяцьдзесят другім дыяпазоне. Так я даведаўся час і хвалю. Пачынаючы з таго часу, я пачаў майстраваць розныя антэны, каб слухаць Язэпа Барэйку, Арсеня Загорнага і іншыя легендарныя постаці тагачаснай “Свабоды”.

Еўрарадыё: Карціны, якія прадстаўлялі гэтыя радыёстанцыі, не занадта адрозніваліся?

Вячорка: Я думаю, што “Deutsche Welle” i BBC пазіцыянаваліся, як больш узважаныя, што ж да “Радыё Свабода”, а асабліва беларускага “Радыё Свабода” – так званыя “заступныя” радыястанцыі – яны мелі замяняць сабой адсутнасць свабодных медыяў у самім Савецкім Саюзе і ў савецкіх паднявольных краінах. Таму яны баяліся менавіта беларускай службы “Свабоды”, мяркуючы па інтэнсіўнасці і згрызотнасці сігналу, якім яна падаўлялася.

Еўрарадыё: А як савецкія мэдыя падыходзілі да гэтых радыёстанцый? Пра Еўрарадыё на БТ кажуць даволі часта, а ці можна было пачуць пра “Радыё Свабода” на савецкім радыё?

Вячорка: Як правіла, калі якая-небудзь непрыемная для савецкага рэжыму падзея адбывалася, яны вымушаныя былі абвяргаць тое, што казалі заходнія станцыі. Так, пасля чарнобыльскай катастрофы 1986 года яны шматкроць успаміналі нібыта хлусню і нібыта паклёп заходніх станцый. Прычым патрапіла пад “раздачу” не толькі названая зборка станцый, а і больш спакойнае “Радыё Швецыя”, таму што яно мусіла паведаміць пра павышэнне радыяцыйнага фону, бо і да Швецыі ён дайшоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі