У Віцебску адмянілі бясплатны праезд для студэнтаў
З 10 лютага віцебскія студэнты ды навучэнцы ПТВ, каледжаў, тэхнікумаў ізноў мусяць плаціць за праезд у грамадскім транспарце.
Цікава, што афіцыйнага рашэння аб гэтым не было агучана.
Колькі дзён кандуктары ў тралейбусах ды аўтобусах вусна папярэджвалі моладзь — маўляў, нядоўга вам засталося! Сёння з раніцы студэнты паехалі ўжо за поўны кошт.
Цягам двух месяцаў, якія студэнты разам са школьнікамі ездзілі бясплатна, транспартнікі неслі вялікія страты. Толькі за студзень на аўтобусах студэнтаў “пакаталі” на два мільярды рублёў, а на трамваях і тралейбусах — яшчэ на мільярд.
Па горадзе папаўзлі чуткі аб тым, што неўзабаве будуць адмененыя і ільготы для школьнікаў.
Дарэчы, афіцыйная прэса паціху рыхтуе грамадства да магчымасці падобнага кроку. У прыватнасці, у выглядзе грамадскага абмеркавання прасоўваюцца ідэі наконт забеспячэння школьнікаў абмежаванай колькасцю імянных бясплатных квіткоў, каб задарма едздзілі толькі ў школу.
Фота: beltransport.by