У Глыбокім перапахаваюць парэшткі польскага героя

Свой апошні прытулак такім чынам знойдзе польскі афіцэр-памежнік, які загінуў у баі з Чырвонай арміяй 17 верасня 1939 года. Яго парэшткі знайшоў мясцовы жыхар Віктар Жаваранак, які працуе ў лясной гаспадарцы.

“Капалі супрацьпажарную паласу, і я звярнуў увагу на костку, якая была на схіле, капнуў далей і адкапаў чалавечыя косткі, — апавядае Віктар Жаваранак. — Я амаль на 100 адсоткаў быў упэўнены, каму яны належаць, бо пра подзвіг гэтага афіцэра я чуў ад старэйшых людзей. Ведаў, што і пахавалі яго непадалёк ад польскай стражніцы. Але дакладнага месца ніхто ўжо паказаць не мог. Я пазваніў свайму ўчастковаму міліцыянту, ён абяцаў разабрацца, я чакаў недзе тыдзень, але ніхто нічога не рабіў. Тады я звярнуўся ў польскую амбасаду, і праз 2 гадзіны мне патэлефанавалі спачатку польскі ваенны аташэ, потым консул. Пасля яны прыехалі да мяне, я паказаў ім тое месца, у архіве ў Лондане былі знойдзены дакументы, што сведчылі: падхарунжы Павал Палчынскі сапраўды служыў на стражніцы Каменны Воз”.

Пра подзвіг камандзіра польскай заставы і зараз можна шмат пачуць у ваколіцах вёскі Івесь, што на Глыбоччыне. За больш чым сем дзесяткаў гадоў яна абрасла легендамі. Раней казалі, што ён знішчыў больш за 6 дзесяткаў чырвонаармейцаў, цяпер ужо можна пачуць і пра ўдвая большую лічбу. Ёсць яшчэ тыя, хто нават памятае Палчынскага.

Глыбоцкім журналістам і краязнаўцам Уладзіміру Скрабатуну і Змітру Лупачу ўдалося пагаварыць з некаторымі з іх яшчэ ў 2003 годзе. Пасля “Народная Воля” друкавала матэрыял Змітра Лупача “Памяць пра героя Палчынскага трэба захаваць”.

Сведкі распавялі, што ў ноч з 16 на 17 верасня 1939 года Павал Палчынскі (дарэчы, імя яго тады ніхто не змог узгадаць) знаходзіўся ў сябра на суседняй стражніцы Гразі. Менавіта праз яе сталі наступаць чырвонаармейцы ранкам 17 верасня. Падхарунжы хуценька на матацыкле вярнуўся на сваю стражніцу і загадаў сваім падначаленым адступаць. Сам жа з кулямётам засеў на вежы стражніцы прыкрываць іх адыход. Каля гадзіны ён вёў няроўны бой. Тады загінула вельмі шмат чырвонаармейцаў. І толькі адцягнуўшы ўвагу афіцэра, яго абышоў адзін чырвонаармеец і кінуў гранату ў люк вежы. Палчынскага цяжка параніла. Чырвоны камандзір забараніў падначаленым дабіваць афіцэра. “Няхай памучаецца, — сказаў ён і пасля дадаў, — вось так трэба ваяваць”.

Цела памежніка не давалі хаваць, але два браты, што сябравалі з Палчынскім, змаглі выкупіць яго цела за гарэлку і таемна аддаць зямлі. Пасля вайны стражніцу разабралі, вакол вырас лес, тых братоў не стала, і пра гэта месца ніхто не ведаў.

Зараз парэшткі польскага героя знаходзяцца ў глыбоцкім касцёле, польскі бок шукае родных загінулага. Ужо атрыманы дазвол ад уладаў на тое, каб усталяваць на месцы гібелі Палчынскага крыж, а яго парэшткі перазахаваць на Глыбоцкіх могілках. Па словах глыбоцкага пробашча ксяндза Мечыслава Янчышына, перазахаванне плануецца правесці 17 верасня з удзелам прадстаўнікоў польскага боку.

Каб прывесці ў парадак месца гібелі героя, па ініцыятыве ксяндза Мечыслава быў арганізаваны трохдзённы валанцёрскі летнік, у якім прыняло ўдзел 12 маладзёнаў. Была расчышчана пляцоўка вакол былой стражніцы, на месцы якой плануецца паставіць крыж. Канечне, трох дзён замала, але пачатак справе быў пакладзены. Зараз трэба атрымаць дазвол на тое, каб спілаваць дрэвы каля былых сцен будынка. Непадалёк ад гэтага месца была адпраўленая святая Імша за ўсіх загінулых.
 
“Час няўмольны і можа знішчыць усё. Але людская памяць можа быць мацнейшай за ўсе выпрабаванні на свеце і нават за самае складанае з іх — выпрабаванне часам”, — сказаў адзін з удзельнікаў летніка Дзяніс Філіпчык.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі