The Toobes завяршылі конкурс і рыхтуюць грандыёзны канцэрт

1 кастрычніка завяршыўся конкурс кліпаў па песню “Madonna” гурта The Toobes. Пераможцам конкурсу стаў гурт Jonny On-line з расійскага горада Ёшкар-Ала. Менавіта туды ў хуткім часе адправіцца “адзіная ў сваім родзе” гітара, на якой гітарыст “Тубсаў” Косця Пыжоў сыграў у адной песні з новага альбома гурта. Сам Косця вельмі рады перамозе Jonny On-line – кліп хлопцаў значыўся ў ягоных фаварытах.

Косця Пыжоў: “Я не ведаю, насамрэч, ці шчыра яны перамаглі, ці накручвалі яны свае галасы, ці не накручвалі, гэта не мае значэння. Было б крыўдна, калі б нехта іншы выйграў няшчырым шляхам. У любым выпадку, у гэтых хлопцаў атрымалася зрабіць дастаткова забаўнае відэа з арыгінальным падыходам”.

Апроч галоўнага прыза – гітары, музыкі The Toobes прыдумалі дадатковыя прызы. Новы альбом гурта, які зусім хутка будзе прэзентаваны ў Мінску, паедзе ў Санкт-Пецягбург дуэту Ціма Гурына, які першым зрабіў кліп і сваю версію “Мадонны”. Фірмовыя “тубсаўскія” цішоткі адправяцца гурту Brooklet – хлопцы стварылі сапраўды цікавае відэа.

На дадзены момант The Toobes шчыльна займаюцца дапрацоўкай новага альбома. Косця Пыжоў інтрыгуе: маўляў, у хуткім часе ад “Тубсаў” варта чакаць шмат навін.

Косця Пыжоў: “У нас зараз поўным ходам ідзе працэс: мы не спім, не ямо, дабіваем запіс. Тэрміны вельмі сціснутыя і таму трэба ўсё паспець. Плануем альбом, вельмі вялікі канцэрт, пафасны, магчыма. Яшчэ плануем сінгл і відэа выпусціць. І гэта ўсё ў бліжэйшы час”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі