Славакія ведае, як адабраць у Лукашэнкі нафтадолары?

120425 Luka6uk Slavakija.mp3

Кіраўнік Асацыяцыі знешняй палітыкі пры МЗС Славакіі Аляксандр Дулеба распавёў Еўрарадыё, чаму не ўсе нафтапрадукты беларускай перапрацоўкі аднолькавыя, ці карысталіся іх аналізам славацкія палітыкі і дыпламаты, і чаму іх рэкамендацыі па эканамічных санкцыях не былі прынятыя Саветам міністраў Еўрасаюза.

Еўрарадыё: Чым канкрэтна займаецца ваша Асацыяцыя і ці сапраўды вы можаце ўплываць на знешнюю палітыку Славакіі?

Аляксандр Дулеба: Мы праводзім даследаванні праблем, якія маюць непасрэднае дачыненне да славацкай знешняй палітыкі, нашага міжнароднага статусу, становішча. Наш асноўны партнёр — Міністэрства замежных спраў, і яно ж з’яўляецца нашым сузаснавальнікам. Але цікава тое, што ў нашай Асацыяцыі ў савеце дырэктараў МЗС меншасць. Гэта ўнікальны выпадак. Калі вы паедзеце ў Польшчу, Венгрыю, Чэхію, любую іншую краіну, то паўсюль вы знойдзеце выключна дзяржаўныя структуры, якія працуюць на гэтым узроўні для міністэрства. Гэта — Польскі інстытут міжнародных даследаванняў, Чэшскі інстытут міжнародных даследаванняў і гэтак далей. А мы — незалежная структура. У нас няма інстытуцыйных грошай з міністэрства — мы працуем выключна на замову. У нас ёсць рамкавая дамова на прадстаўленне так званага аператыўнага аналізу. Гэта азначае, што калі нешта здараецца, да прыкладу — вайна ў Грузіі, як у жніўні 2008 года, і МЗС хоча мець экспертызу не толькі афіцыйную, тады дырэктар адпаведнага палітычнага аддзела МЗС на электронны адрас піша: “Мы хочам замовіць такі вось аналіз”. У мяне 24 гадзіны на тое, каб сказаць, бярэмся мы ці не, і тры дні, калі не дамовімся на іншы тэрмін, каб неабходны аналіз прадставіць. І за гэта нам плацяць. Такім чынам, калі раней МЗС фінансаваў такія інстытуты, а там проста сядзелі нейкія людзі на цёплых месцах, то зараз яны атрымліваюць неабходны аналіз на падставе кантрактных стасункаў. Так нашмат танней, бо плаціць трэба за канкрэтны, неабходны прадукт.



Еўрарадыё: Ці даводзілася па замове МЗС рабіць нейкі аналіз па Беларусі?

Аляксандр Дулеба: Ну, да прыкладу, стала пытанне наконт эканамічных санкцый. Я вам дэталі расказваць не буду, але мы зрабілі аналіз на тэму — як можна ўвесці эканамічныя санкцыі такім чынам, каб яны закранулі выключна тую частку нафтапрадуктаў, якая не мае дачынення да расійскай часткі перапрацаванай на беларускіх прадпрыемствах нафты. Мы зрабілі канкрэтны аналіз — як гэта зрабіць. І прадставілі яго. Міністр замежных спраў Дзурында выкарыстаў гэты аналіз падчас сустрэчы са сваімі калегамі з краін ЕС. Калі была дыскусія наконт санкцый — вы ж ведаеце, што там былі розныя пазіцыі. Літоўцы, да прыкладу, былі супраць.

Еўрарадыё: Ці можна агучыць нейкія прапановы з вашага аналізу?

Аляксандр Дулеба: Як вы ведаеце, у Беларусі зараз дамова з Расіяй — калі перапрацоўваецца расійская нафта, то пошліна за экспарт у краіны прызначэння ідзе ў бюджэт Расіі, а не Беларусі. І галоўнае пытанне было ў тым, ці можна падзяліць тыя прадукты, экспартная пошліна за якія ідзе ў бюджэт вашай дзяржавы і якія знаходзяцца пад кантролем канкрэтных людзей. Проста мы зрабілі аналіз, за якія прадукты па наменклатуры пошліна ідзе ў беларускі бюджэт, з якога завода і гэтак далей.

Еўрарадыё: І што даваў у выніку ваш аналіз — што рэжым цягам месяца ўпаў бы?

Аляксандр Дулеба: Ну, ён бы не ўпаў цягам месяца толькі з-за гэтага. А вось тое, што гэта было б для рэжыму адчувальна, бо стала б менш грошай на тое, каб фінансаваць рэпрэсіўны апарат — гэта дакладна. Сума, якую атрымліваў рэжым і якая ішла на гэта фінансаванне, да падпісання дамовы з Расіяй даходзіла да 2 мільярдаў долараў у год. Гэта былі чыстыя грошы, якія ішлі на тое, каб субсідаваць сістэму зверху ўніз. Але калі была падпісаная гэтая дамова з Расіяй, то гэтая сума зменшылася — Лукашэнка пайшоў на саступкі і пагадзіўся на тое, што экспартныя пошліны за прадукты з расійскай нафты ідуць у бюджэт Расіі. Даходы рэжыму зменшыліся дзесьці на дзве траціны. І страта сумы, што застаецца, будучыню рэжыму не вырашае. Але пытанне тут было вось у чым: пастаянна паўтараюцца адныя і тыя ж пазіцыі наконт візавых санкцый. І ўпершыню зайшла размова наконт санкцый эканамічных. І сэнс быў у тым, каб ад гэтых санкцый як мага больш пацярпеў рэжым і як мага менш — грамадзяне Беларусі. А гэта не проста.



Еўрарадыё: ...і каб не пацярпелі суседнія з Беларуссю краіны?

Аляксандр Дулеба: Адным з артыкулаў гэтага аналізу былі прапановы, каб суседнія краіны ад увядзення такіх эканамічных санкцый пацярпелі як мага менш.

Еўрарадыё: Вы знайшлі такі сродак адрозніць нафтапрадукты, экспартныя пошліны за якія ідуць у беларускі бюджэт, ад тых, што папаўняюць бюджэт расійскі?

Аляксандр Дулеба: Пакуль гэта наша праца “жывая” — гэтыя аналізы выкарыстоўваюцца МЗС. Пасля таго як мы робім сваю працу, мы не маем права яе публікаваць. Мы можам яе публікаваць тады, калі маем згоду заказчыка. Нам проста заплацілі за працу, якую мы выканалі.

Еўрарадыё: Я так разумею, што, нягледзячы на тое, што Дзурында вашы прапановы агучыў, імі не скарысталіся?

Аляксандр Дулеба: На ўзроўні ЕС — не. Але гэта была пазіцыя Славакіі. І наша мэта — паўплываць на пазіцыю Славакіі. Мы нацыянальная структура, якая займаецца знешняй палітыкай нашай краіны.



Еўрарадыё: Што павінна здарыцца, каб вашы рэкамендацыі былі прынятыя ЕС да выканання?

Аляксандр Дулеба: Цяжка сказаць. Таму што прыняцце рашэння ў рамках ЕС — гэта палітычны працэс. А ў выпадку санкцый — калі адна краіна будзе супраць, то нічога і не будзе. Нават калі будуць 26 за, а адна — супраць, не прымуць. Таму мне цяжка нешта прадказаць. Тым больш, што ёсць добрая навіна: Саннікава выпусцілі. Але ёсць яшчэ 13 палітвязняў. У той жа час, калі ёсць пазітыўныя зрухі, то я не думаю, што сітуацыя будзе вяртацца да таго, каб расла палітычная воля ў рамках ЕС на тое, каб прымаць гэтыя санкцыі. Гэта быў крайні выпадак. Пасля таго, што здарылася ў дзень прэзідэнцкіх выбараў і пачалося адразу пасля іх у вашай краіне, тады і была сказана: “Добра, калі не дапамагаюць візавыя санкцыі — давайце думаць пра эканамічныя”. Тады такая тэма была пастаўленая.

Еўрарадыё: Тым не менш, вы лічыце, што час, каб раскрыць падрабязнасці таго аналізу і яго прапаноў, яшчэ не прыйшоў?

Аляксандр Дулеба: Так. Таму тая наша праца да гэтага часу ляжыць у “працоўным” стале нашага МЗС. Той аналіз і тыя нашы прапановы не страцілі актуальнасць.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі