Штраф за несанкцыянаваны мітынг у Расіі ў 16 разоў большы, чым у Беларусі

120612 Svjardlou Zakony.mp3

“Беларускія дэпутаты апярэджваюць расійскіх калегаў гадоў на пяць. Таму мы ўвесь час звяртаем увагу расіян на тое, што больш хітрымі і прасунутымі метадамі іх кіраўніцтва будзе ўдасканальваць сваё заканадаўства, закручваючы гайкі”, ― так кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла тлумачыць падабенства беларускага і расійскага законаў, што ўводзяць пакаранне за недазволеныя мітынгі і пікеты.

Але расіяне скардзяцца на вялізныя штрафы за недазволеныя вулічныя акцыі. За ўдзел у “масавай адначасовай прысутнасці” (па вялікім рахунку, проста праходзіш побач з мітынгоўцамі) ― ад 25 да 50 мільёнаў беларускіх рублёў. А калі нехта з дэманстрантаў шкодіць маёмасць ці наносіць шкоду здароўю чалавека, кожнага(!) з удзельнікаў акцыі могуць аштрафаваць на 80 мільёнаў!

У беларускіх законах штрафы дагэтуль вымяраюцца не мільёнамі, а базавымі велічынямі. Парушэнне парадку мітынгу ў Беларусі “каштуе” да 3 мільёнаў рублёў для ўдзельнікаў і да 4 мільёнаў для арганізатараў. Калі паўторна цягам года ― выкладзі 5 мільёнаў! Да 1 красавіка было амаль у 3 разы менш. Бо базавая велічыня была іншай.

Атрымліваецца, максімальны штраф адрозніваецца… ў 16 разоў: 80 мільёнаў супраць 5 мільёнаў! Але не штрафамі адзінымі: і ў Беларусі, і ў Расіі мітынгоўцаў могуць пасадзіць на 15 сутак. Акрамя таго, у законе нашых суседзяў з’явілася незвычайнае пакаранне ― абавязковыя працы. Суддзя можа “даць” за недазволеную вулічную акцыю ад 20 да 200 гадзінаў абавязковых працаў.

Аштрафаваць за ўдзел у масавым мерапрыемстве могуць і ў Польшчы. Штраф складзе не менш за 2000 злотых, ці крыху менш за 5 мільёнаў рублёў. Хуліганіць у Польшчы танней, чым у Расіі? Як бы не так: для асабліва актыўных хуліганаў прадугледжана абмежаванне волі. Але не дазволіць вулічную акцыю ў Польшчы амаль немагчыма:

“Нацыянальны закон мусіць адпавядаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека. А гэтыя стандарты кажуць, што нават калі сход можа быць небяспечным і яго ўдзельнікі могуць паводзіць сябе дрэнна і агрэсіўна, гэта яшчэ не нагода, каб гэты сход забараніць, ― распавядае Еўрарадыё Славамір Цыбульскі, палкоўнік польскай паліцыі ў адстаўцы, трэнер Хельсінскага фонда па правах чалавека. ― Каб забараніць вулічную акцыю, улады павінныя мець доказы таго, што падчас яе будзе парушацца закон. Але такія сітуацыі вельмі рэдкія: тое, што год ці два таму ўдзельнікі мерапрыемства ўжо паводзілі сябе дрэнна, доказам не з’яўляецца”.

12 чэрвеня, напярэдадні футбольнага матча “Польша ― Расія”, па вуліцах Варшавы пройдзе “Рускі марш”. Некалькі тысяч заўзятараў зборнай Расіі абяцаюць палякам не менш, як другую Варшаўскую бітву. Да таго ж, 4 дні таму расіяне збілі супрацоўнікаў бяспекі стадыёна ва Уроцлаве. Мэрыя польскай сталіцы… дазволіла акцыю! А 17-й фаны зборнай Расіі збіраюцца ля чыгуначнай станцыі Warszawa Powisle, і ў 17:30 выступаюць да стадыёна.

“У Польшчы адмысловы дазвол патрэбны толькі тады, калі ўдзельнікі масавай акцыі плануюць выйсці на дарогу, ― працягвае Славамір Цыбульскі. ― У астатніх выпадках дзейнічае паведамляльны парадак. За тры дні дастаткова проста паведаміць мясцовым уладам, што, дзе і калі будзе праходзіць”.

Ва Украіне, якая разам з Польшчай прымае чэмпіянат Еўропы па футболе, заканадаўства аб масавых мерапрыемствах яшчэ больш ліберальнае. Дакладней, яго… амаль не існуе! Таму дэпутаты Рады рыхтуюць закон пад рабочай назвай “Аб свабодзе(!) мірных сходаў”. У Расіі ― гэта федэральны закон “Аб сходах, мітынгах, дэманстрацыях, шэсцях і пікетаваннях”. У Беларусі ― “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

“Пакуль што ва Украіне масавыя вулічныя мерапрыемствы рэгламентуюцца толькі артыкулам Канстытуцыі, які кажа пра свабоду сходаў, ― распавядае ўкраінскі праваабаронца Міхаіл Каменеў, які ўваходзіць у парламенцкую групу па распрацоўцы закона. ― З аднаго боку, гэта вельмі добра, бо арганізатарам мерапрыемстваў гарантаваная свабода і, умоўна кажучы, куча ўсялякіх плюшак. З іншага боку, часам  прымяненне гэтага права проста агіднае. Гаворка пра канкрэтныя дзеянні праваахоўнікаў падчас масавых сходаў”.

Фота: РИА "Новости".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі