Румас: Дзе купляў валюту — не памятаю…

110922 Nasta Rumas.mp3

Пакуль Надольны чакаў Румаса ў калідорах КЗ "Мінск", журналісты збіраліся байкатаваць прэс-канферэнцыю ўрада і Нацбанка і жартавалі, што выхад на адзіны курс адмяняецца.

Гадзіну і дваццаць хвілінаў (!) чакалі журналісты намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Каб трапіць на сваю прэс-канферэнцыю, віцэ-прэм'еру давялося адпрошвацца ў Лукашэнкі.

“Я выбачаюся за тое, што спазніўся. У кіраўніка дзяржавы ішло паседжанне па актуальных пытаннях сяла, — прасіў прабачэння ў журналістаў Сяргей Румас. — Мне ўпершыню ў жыцці давялося адпрасіцца. Кіраўнік дзяржавы адпусціў мяне на прэс-канферэнцыю…”

Намеснік прэм’ер-міністра паабяцаў кампенсаваць згублены час шчырымі адказамі.

Пытанні былі розныя — ад “Якім жа будзе раўнаважны курс?” да пытання Еўрарадыё “Дзе вы самі набывалі валюту да 14 верасня?”. Але ні на адно, ні на другое дакладных адказаў журналісты не атрымалі...

Паводле плану Нацбанка адзіны курс будзе ўсталяваны ў 20-х чыслах кастрычніка. Кажа намесьнік старшыні Нацбанку Тарас Надольны.

Тарас Надольны: “Калі ўсё пойдзе па плане, то ў кастрычніку мы можам закончыць з множнасцю курсаў. Ніхто не скажа пра раўнаважны курс, да якога мы ідзем. Адназначна можна сказаць, што ён знаходзіцца паміж афіцыйным і тым узроўнем, якога мы дасягнулі сёння”.

Рэзервы для таго, каб курс рухаўся да афіцыйнага, у Нацбанка ёсць, упэўнены Надольны.

На сумневы журналістаў наконт таго, ці вытрымае эканоміка такі курс, Сяргей Румас адказаў: “Калі эканоміка вытрымала тое, што ёсць сёння…”.

У журналістаў ўзніклі сумневы і наконт заявы ўрада пра індэксацыю заробкаў і выплату матэрыяльнай дапамогі ў 500 тысяч.

Журналістка: “Ці не баіцеся, што людзі замест бульбы пойдуць купяць долары?”

Сяргей Румас: “Калі нават у сям’і двое чалавекі, якія працуюць, атрымаюць па 500 тысяч рублёў — не думаю, што яны пойдуць купляць парадку 130 долараў па сённяшнім курсе. Прынамсі, я б так не зрабіў”.

Сам жа віцэ-прэм’ер свае 500 тысяч аддасць жонцы! І ўпэўнены, што яна не пойдзе купляць за іх валюту.

Сяргей Румас: “Ведаеце, я і раней выдаткамі не вельмі займаўся, а цяпер на гэтай працы няма часу… У мяне жонка ёсць. Не ведаю, як яна імі распарадзіцца, але я ўпэўнены, што не панясе ў абменнік”.

“Але ў банк з імі пойдзе”, — ці то пажартаваў, ці то ўсур’ёз дадаў Надольны.

Дарэчы, з 14 па 19 верасня ўклады беларусаў у рублях павялічыліся на 228 мільярдаў. А ў валюце (у рублёвым эквіваленце) — на 230 мільярдаў.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі Сяргей Румас параіў журналістам не купляць валюту па сённяшнім курсе і сказаў, што не помніць, дзе сам набываў замежныя грошы, калі іх не было ў абменніках…

Еўрарадыё: “Дзе вы асабіста набывалі валюту да 14 верасня?”

Сяргей Румас: “Як адказаць на гэтае пытанне? Я не памятаю. Я ж так разумею, што да 14 верасня нельга было купіць валюту. Той чорны курс, які быў на рынку, я лічу яго, і раней лічыў, яўна завышаным… Я і сённяшні курс лічу яўна завышаным. Таму не раіў бы і вам купляць валюту па гэтым курсе”.