RockerJoker адсвяткуе 10-годдзе бясплатным канцэртам

22 студзеня ака-бугі гурт RockerJoker адсвяткуе сваё 10-годдзе сольным канцэртам у "Графіці". Цікава, што мінулай зімой музыкі святкавалі першы год праведзены разам. Такі рэзкі скачок ва ўзросце яны тлумачаць тым, што за гэты час столькі наведалі месцаў і столькі адыгралі канцэртаў, што нібыта 10 гадоў пражылі. І жартуюць, што 10 гадоў, гэта ўжо нармальны каньяк і з гэтага моманту кожны Дзень нараджэння яны будуць дапісваць нулік.

"Мы знаходзімся ў працэсе падрыхтоўкі мерапрыемства, - распавядае пра будучую імпрэзу Міхей Насарогаў. - Нешта атрымліваецца, нешта – не. Цалкам магчыма, што для нас саміх усё будзе сюрпрызам. Плануецца, што нейкія песні мы выканаем не ўдваіх. Пакуль так, а там будзе бачна, тут як космас пажадае".

Уваход на мерапрыемства прынцыпова было вырашана зрабіць вольным, але гэта дадае складанасцяў для наведвальнікаў. Толькі тыя, хто зарэгіструецца на сайце "Графіці", здолеюць патрапіць на канцэрт. Зразумела, што колькасць месцаў абмежаваная.