Рабочыя Полацкага вінаробчага заводу створаць Свабодны Прафсаюз

Рабочыя Полацкага вінаробчага завода вырашылі выйсці з афіцыйнага прафсаюза, каб звярнуць увагу кіраўніцтва на свае праблемы. Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік старшыні Свабоднага Прафсаюзу і каардынатар па Віцебскай вобласці Мікалай Шарах:

“Па-першае, гэта ініцыятыва саміх рабочых, недзе напрыканцы жніўня стварылася ініцыятыўная група па стварэнні Свабоднага прафсаюзу.”  

Па словах прафсаюзнага лідара, праблемы ў рабочых прадпрыемства ў Полацку, дзе працуе каля 200 чалавек, як ва ўсіх: нізкія заробкі, парушэнне правіл аховы працы і складаныя ўзаемаадносіны з адміністрацый. Хаця, сярэдні заробак на прадпрыемстве немалы — 3 млн. руб., самім незразумела, адкуль бярэцца такая лічба, у асноўным, рабочыя не атрымоўваць нават 2 млн. Больш за тое, як фармуецца гэты заробак, ніхто не ведае — афіцыйнага прафсаюзу на прадпрыемстве фактычна няма, зрэшты, няма і калектыўнай дамовы аб працы, няма дадатковых выплат на адпачынак і на аздараўленне.

На сённяшні дзень заявы ў Свабодны Прафсаюз напісалі 37 чалавек, людзі настроеныя рашуча, аднак, як кажа Мікалай Шарах, з верасня на працоўных аказваецца ціск, супрацоўнікі КДБ штодзень наведваюць прадпрыемства, зрэшты, ціснуць на сяброў свабоднага прафсаюза не толькі супрацоўнікі КДБ, працягвае Мікалай Шарах.

Мікалай Шарах: “КДБ працуе штодзённа, можа кругласуткава, з гарвыканкама пастаянна дэлегацыі,  адміністрацыя ходзіць угаворвае, каб яны выйшлі з прафсаюзу назад. Але рабочыя трымаюцца, кажуць, што з прафсаюза выхадзіць не будуць, бо калі б не іх рашучы крок – выхад з прафсаюзу і стварэнне суполкі свабоднага прафсаюзу, то ніхто на іх не звяртаў бы ўвагі і да сёння.”

У той жа час, прадстаўніку свабоднага прафсаюза не згадзіліся нават зрабіць пропуск на вінаробчы завод. Але самі рабочыя запрасілі Мікалая Шараха наведаць сход афіцыйнага прафсаюзу, праўда, выступіць там старшыня Свабоднага прафсаюза так і не здолеў.

Мікалай Шарах: Калі я захацеў расказаць на сходзе пра свабодны прафсаюз, то мне слова не далі. Тады, калі я сыходзіў сказаў, што хоча пачуць пра свабодны прафсаюз можа выйсці са мной- амаль ўся зала ўстала і выйшла.

Удзельнікі Свабоднага прафсаюзу на розных прадпрыемствах сутыкаюцца з ціскам з боку адміністрацыі, часцяком удзел ў ім прыводзіць да звальнення. Ці у стане Свабодны прафсаюз у такіх умовах абараніць правы працоўных, або ён толькі пагаршае іх становішча? Мікалай Шарах прызнае, што цягацца з рэсурсам дзяржавы складана, але на дапамогу прыходзіць міжнароднае супрацоўніцтва. Свабодны Прафсаюз уваходзіць у Міжнародныя Арганізацыі, якія маюць уплыў як на беларускі ўрад, так і на эканоміку дзяржавы. Беларусь мусіць выконваць міжнародныя дамовы, якія падпісала. Здараліся выпадкі, калі звольненых прафсаюзных лідараў аднаўлялі на працы, вярталі ім правы, дзякуючы дзейнасці ў Беларусі Камісіі Міжнароднай Арганізацыі Працы. Станоўчы досвед змаганняў за свае правы маюць удзельнікі легендарнага прафсаюза на прадпрыемстве Граніт. Яшчэ паўгода таму работнікі Мікашэвіцкага прадпрыемства пры цяжкіх умовах працы атрымлівалі заробак у памеры 3 млн. руб. і стала чулі ад кіраўніцтва аб тым, што няма магчымасці павышэння. Але пасля таго, як там была створаная суполка Свабоднага Прафсаюзу заробкі выраслі ў 3 разы і прадпрыемства Граніт пазбегла банкруцтва.

фота: http://www.svaboda.org

Рубрыка “Ты можаш” праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі