Песню для Еўрабачання яшчэ ніхто не чуў?!

111224 Malina Evrofest.mp3

Уся справа ў тым, што апроч вакалістаў свае заяўкі на ўдзел у "Еўрафэсце" дасылалі і аўтары песень.

"З гэтых песень, а было іх больш за 50, мы адабралі не больш за 10 кампазіцый, якія могуць на наш погляд браць удзел у конкурсе "Еўрабачанне", - тлумачыць кіраўнік адбору Аляксандр Ціхановіч. - Мы прапануем іх адслухаць пяці канкурсантам, якія засталіся. Калі ўзнікне жаданне замяніць сваю песню, то калі ласка, няхай карыстаюцца гэтым банкам. Але гэта можа быць выключна са згоды выканаўцы, бо як можна прымусіць чалавека спяваць тое, што ён не жадае".

Змагацца за права паехаць на "Еўрабачанне" будуць Вікторыя Алешка, Гюнэш Абасава, Алёна Ланская, Юзары ды гурт Litesound. Песні, якія яны выконвалі ў паўфінале "Еўрафэсту" выклікалі безліч абураных каментарыяў у байнэце. А вось журы лічыць такі ўзровень дастатковым.

"Модныя тэндэнцыі і ў музыцы, і ў рэжысуры прысутнічаюць. Творчыя адзінкі падышлі да пытання вельмі добра, вельмі сур'ёзна падрыхтаваныя, - кажа сябра журы Аляксей Хлястоў. - Мы вучымся таму, што трэба Еўропе, тут шмат складнікаў".

Сам Хлястоў робіць стаўку на Юзары, выступ якога лічыць вартым увагі еўрапейцаў.

А вось адзін з самых першых удзельнікаў "Еўрафэсту" Аляксандр Саладуха пакуль не пачуў песню, якую заспявае ўся краіна.

"Ёсць такія негалосныя законы: артыст пачынаецца з моманту, калі заспяваў песню, якую пачала спяваць уся краіна. Вось кропка адліку - з народнага хіта. І другое, гэта калі артыст збірае залы на касавых канцэртах. Маладыя адразу гэтага зрабіць не могуць, таму і правільна што ўдзельнічаюць у конкурсах. Калі, дай божа, правільна знайшоў песню, то можна і выпаліць. Але яшчэ мусіць быць харызма, энергетыка, якая даецца ад Бога".

Прадстаўніца ж Беларусі на мінулагоднім "Еўрабачанні" Анастасія Віннікава, якая гэтым разам не трапіла нават у фінал "Еўрафэста", жадае пабачыць вынікі глядацкага галасавання.

"Вельмі дзіўна, што так адбылося, -- дзеліцца ўражаннямі ад паўфіналу Анастасія. – Напэўна, журы лепш ведае. Глядацкага галасавання ўвогуле не паказалі, цікава ж, як прагаласавалі. І ці было яно ўвогуле, бо вынеслі ўжо канверты. А так, самая галоўнае для мяне тое, што было шмат станоўчых водгукаў, што я насамрэч я зрабіла крок наперад, развіваюся".

Аляксандр Ціхановіч таксама прызнаецца Еўрарадыё, што пакуль... не ведае выніку глядацкага галасавання. Ён перакананы, што розніца ў галасах будзе невялікай. Тым не менш, апроч Віннікавай у фінал не прайшлі такія мэтры беларускай эстрады, як Аляксандра Гайдук ды Наталля Балдзіна, гурт "Экивоки", Aura, Герман. Затое Гюнэш Абасава ды гурт Litesound, якія спрабуюць трапіць на Еўрабачанне ужо па 6-м (!) разе, зноў у фінале.

"Яшчэ пару разоў і будзе паўнавартасны альбом! - жартуе вакаліст гурта Litesound Зміцер Каракін. - Гэта добрая ідэя, але я спадзяюся, што мы ўсё ж з'ездзім на Еўрабачанне".

Зміцер абяцае, што калі ўсё ж паедзе ў Баку, то больш у "Еўрафэстах" удзельнічаць не будзе. Імя артыста ці калектыву, які прадставіць Беларусь у Баку, назавуць 28 студзеня ў Палацы спорту. Сам конкурс "Еўрабачанне-2012" пройдзе 22 - 26 траўня ў сталіцы Азербайджана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі