Палітвязні напісалі яшчэ два прашэнні аб памілаванні

Пра гэта 23 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, адказваючы на пытанне БелаПАН, ці не паступалі апошнім часам хадайніцтвы аб вызваленні асуджаных за падзеі 19 снежня 2010 года.

“Не ведаю, ці звярталіся. Калі так, то звароты знаходзяцца ў камісіі па памілаванні. Мы вас абавязкова праінфармуем. Месяц таму мне казалі, што двое звярталіся”, — сказаўа Лукашэнка. На ўдакладняючае пытанне, хто менавіта звяртаўся да яго, кіраўнік дзяржавы адказаў, што не ведае. “Удакладнім — скажам”, — дадаў ён.

У прэс-службе прэзідэнта БелаПАН удакладнілі, што з прашэннем звярнуліся Сяргей Каваленка і Павел Сырамолатаў. Аднак варта адзначыць, што гэтыя асуджаныя не з’яўляліся фігурантамі справы аб падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску. Віцебскі апазіцыянер Сяргей Каваленка быў асуджаны за ўхіленне ад “хатняй хіміі”. Павел Сырамолатаў — адзін з анархістаў, асуджаных за спробу падпалу будынка КДБ у Бабруйску.

Тым часам Марына Адамовіч, жонка палітвязня Міколы Статкевіча, асуджанага за падзеі на Плошчы на 6 гадоў калоніі, заявіла, што яе муж ніякіх прашэнняў не пісаў і не збіраецца гэтага рабіць. Жанчына сказала ў інтэрв'ю Радыё Свабода, што Статкевіч нават звярнуўся да адміністрацыі калоніі, каб больш не прапаноўвалі яму напісаць прашэнне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі