На кожны новы том Ніл Гілевіч траціць па тры з паловай пенсіі
Народны паэт Беларусі святкуе сваё 80-годдзе. У дзень нараджэння ён распавёў Еўрарадыё пра збор сваіх твораў, пра палітвязняў і пра тое, што яму дапамагае жыць.
Народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу сёння спаўняецца 80 гадоў. Ніл Сымонавіч апошнім часам рэдка з’яўляецца на публіцы — падводзіць здароўе, найперш зусім саслабелы зрок. Таму да класіка мы звярнуліся па тэлефоне. І пачулі напачатку не аптымістычны адказ.
Ніл Гілевіч: “Я ніякіх размоў даўно ўжо, гады чатыры, не раблю. Богам прашу, не крыўдуйце. Я вас вельмі шаную, і радыё ваша. Баюся, што вы мяне не зразумееце… Але паколькі такіх званкоў ужо было многа, дарагіх для мяне, я ўсім сказаў тое, што і вам…”
Аднак слова за слова ўсё ж удалося задаць Нілу Гілевічу некалькі пытанняў. Паэт прыгадаў, што адразу пасля вайны працаваў паштальёнам у калгасе — ужо тады ў літаральным сэнсе нёс людзям слова. Як і ўсё жыццё пасля.
Ніл Гілевіч: “Працаваў года паўтара вясковым паштальёнам. Разносіў лісты, газеты, нават так званую дапамогу за загінулых на фронце — удовам, дзецям. Чытаў усё — як паштальён. Выпісвалі людзі розныя газеты. На беларускай мове — “Звязду”, “Чырвоную змену”, “Калгасную праўду”. Таксама выпісвалі “Савецкую Беларусь”, дзіцячыя выданні”.
Спыталі мы ў Ніла Сымонавіча пра актуальнае. Як мяркуе — ці вызваляць у хуткім часе палітвязняў?
Ніл Гілевіч: “Я заўсёды стараюся глядзець, колькі хапае сілы, аптымістычна. У старой-старой чалавечай традыцыі — верыць у дабро. Я веру ў перамогу дабра. І тут таксама павінна вырашыцца на карысць справядлівасці і дабра. Ну не можа ж зло перамагчы — у такой брутальнай, грубай форме!.. Я веру, што зло бярэ верх толькі часова”.
У апошнія гады галоўная праца Ніла Гілевіча — гэта падрыхтоўка ўласнага збору твораў у 23 тамах. Ужо выйшла 16 з іх. Усе — на ўласную пенсію паэта.
Ніл Гілевіч: “Усе ўжо 16 тамоў — за сваю пенсію. Ну, можа, два тамы дапамаглі блізкія сябры… У самы апошні час я атрымліваю паўтара мільёна — гэта апошнія два-тры месяцы. Ну вось дзяліце: вы ж ведаеце, колькі адзін долар — і колькі гэта атрымліваецца…”
Высветлілася, што, каб выдаць адзін том, народнаму паэту Беларусі трэба нічога не есці тры з паловай месяцы…
Ніл Гілевіч: “Раней яно мне абыходзілася ў чатыры мільёны. Апошні час — у пяць мільёнаў. Усё гэта — з маёй пенсіі”.
У сваё 80-годдзе Ніл Гілевіч кажа, што ратуе яго адно — вера ў Беларусь.
Ніл Гілевіч: “Настрой, ведаеце… Каб мне было б хаця 50… А калі гэта ўжо 80… Жыву адным — вераю ў тое, што Беларусь будзе жыць. Гэта мяне трымае, дзеля гэтага працаваў усё доўгае жыццё. І калі дасць Бог, яшчэ папрацую. Жыве Беларусь!”
Сваё 80-годдзе Ніл Гілевіч сустракае з вераю ў Беларусь.
Яшчэ некалькі гадоў таму, калі дазваляла здароўе, Ніл Сымонавіч актыўна наведваў імпрэзы. На фота – вечарына ў абарону Коласаўскага ліцэя.
З сябрам і колішнім суседам па пад’ездзе Уладзімірам Някляевым.
Цяпер Ніл Гілевіч практычна не выходзіць з дому – не дазваляе здароўе…