Мінскі бармэн стварыў для Еўрарадыё кактэйль"Даём рады"

Вядомы сталічны бармэн Леанід Кірэеў адмыслова склаў "Даём рады" з даволі простых і пераважна беларускіх інгрэдыентаў. Маэстра падзяліўся з Еўрарадыё рэцэптам новага напою:

"Бярэм пятрушку, кладзем у вялікую шклянку, туды ж дадаём лімон, — распавядае Леанід. — Усё гэта размінаецца драўляным таўкачом ці спецыяльным прыборам — мадлерам, калі ён у вас ёсць. Дадаём міндальны сіроп (Амарэта) і дроблены лёд , каб прыгожа запоўніць шклянку прыкладна на 2/3. Толькі пасля гэтага наліваем джын “Крамбамбуля” на ядлоўцы, імбіры і розных зёлках. Пасля шклянка даверху напаўняецца “Спрайтам”. Будзе выдатна, калі ў вас знойдзецца доўгая барная лыжка, якой усе можна будзе перамяшаць. Дадаём саломінкі і каштуем!"

Фэст "Даём рады" пройдзе ў клубе Re:Public 1 лютага. Квіткі можна замовіць тут!


Замяняць “Крамбамбулю” нечым іншым бармэн не раіць — міндальны сіроп цудоўна суіснуе з ягадамі ядлоўца і горыччу пятрушкі. Каштуем — сапраўды атрымаўся цудоўны танізуючы напой!

“А менавіта гэта спадабаецца публіцы ў зале! — прадказвае бармэн. — Гарачыя ці занадта салодкія кактэйлі там не спатрэбяцца, бо, я так разумею, і так будзе горача і салодка!”

"Даём рады" даволі просты ў прыгатаванні, таму паспрабаваць зрабіць кактэйль у хатніх умовах можа кожны.

Інгрэдыенты:

Пятрушка (5-7 грамаў, без "без галінак")

Чвэрць лімона (40 грамаў)

Міндальны сіроп (15 мл)

Джын “Крамбамбуля” (50 грамаў)

"Спрайт" (150 мл)

Дроблены лёд

Шклянка (на 350 мл)

Еўрарадыё дамаўляецца з кіраўніцтвам Re:Public, каб кактэйль прадаваўся ў клубе 1 лютага падчас фэсту "Даём рады".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі