Міліцыя можа не пусціць нават на дазволенае мерапрыемства

“Інструкцыі як такой як бы няма. Ёсць такое разуменне: калі мы лічым людзей, што на адным квадратным метры можа змясціцца чатыры чалавекі. Гэта ў летні час. У зімовы, натуральна, менш — тры”, — распавядае Еўрарадыё намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі магілёўскай міліцыі падпалкоўнік Дзмітрый Паркаў.

Зіму ад лета міліцыянты адрозніваюць на вока. Падпалкоўнік Паркаў кажа, што змену пары году вызначаюць па верхняй вопратцы.

111202 Pilecki Akcyji.mp3

“Гэта па вопратцы вызначаюць. Калі людзі ўжо апрануліся ў зімнюю, нават могуць апрануцца цяплей і ў лістападзе, а могуць і пазней трохі. Вось па гэтаму”.

Зыходзячы з такога прынцыпу, на стадыёне “Дынама” ў Мінску ўлетку можна сабраць 24 тысячы чалавек, а зімой — 18 тысяч. Колькасць удзельнікаў акцыі вызначаюць на вока. Нягледзячы на існаванне ў міліцыянтаў прыладаў, якія дазваляюць улічыць літаральна кожнага ўдзельніка, праваахоўнікі больш давяраюць сваім ўласным ацэнкам. Як толькі людзей робіцца больш, чым “трэба” — іх перастаюць прапускаць у “перыметр”.

“Мы проста абмяжоўваем доступ туды грамадзян. Гэта ў законе ўжо прапісана, і нам прасцей працаваць. Гэта візуальна ўсё, самі разумееце. Плюс яшчэ, калі мы забяспечваем ахову мерапрыемства — рамкі стаяць у нас, яны лічаць людзей. Аўтаматычна. Прыблізна мы ведаем”.

Еўрарадыё правяло невялікі эксперымент. У рэдакцыі нашай радыёстанцыі на адным квадратным метры змясціліся адразу шэсць карэспандэнтаў сярэдняга памеру. Так што падыходы міліцыі да колькасці ўдзельнікаў масавага мерапрыемства можна лічыць занадта асцярожнымі.

Плошчу правядзення мерапрыемства ахоўнікі правапарадку таксама вызначаюць на вока, хаця памераць яе дакладна нашмат прасцей, чым падлічыць колькасць людзей.

“А плошчу правядзення мерапрыемства, калі яна ў нас агароджаная турнікетамі, таксама можна падлічыць. Адзін турнікет — 2,5 метра. Гэта, вядома, больш візуальна будзе рэгулявацца. Так ужо дакладна вылічыць — гэта праблематычна”.

Разам з тым, падпалкоўнік Паркаў зазначае, што за яго досыць працяглую кар’еру не было выпадкаў, каб даводзілася абмяжоўваць колькасць удзельнікаў мітынга ці гледачоў на канцэртах. Міліцыянер расказвае, што якім бы масавым ні было мерапрыемства, людзі, як правіла, пераходзяць з месца на месца самі.

“Такога наракання людзей, каб не прапускалі, я не памятаю. Пакуль, так скажам, такога грандыёзнага ў нас не было. Каб ужо так прыйшло тысячы тры і каб іх штурхаць у спіну і не пускаць”.

А вось шэсцяў няпісаныя правілы не датычаць. Удзельнічаць у іх можа колькі заўгодна людзей. Хоць пяць, хоць дзесяць на квадратны метр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі