Міхалок аб’явіў уладам культурную вайну

У Чарнігаве пра тое, што 5 чэрвеня мае адбыцца канцэрт беларускага гурта “Ляпис Трубецкой”, ведалі толькі прыхільнікі яго творчасці. У горадзе ж не было абсалютна ніякіх рэкламных абвестак пра будучы канцэрт. Не ведалі пра яго нават абазнаныя ва ўсім на свеце шматлікія чарнігаўскія таксісты.

 

Тым не менш, ахвочых наведаць канцэрт было даволі шмат – 2-3 тысячы чалавек. Перад пачаткам у чарнігаўскім парку сабралася вялікая чарга. Адзіная каса па продажы квіткоў проста не спраўлялася з натоўпам. І толькі праз 20 хвілінаў пасля пачатку канцэрта прыхільнікі “Ляпісаў” здолелі прайсці.

 

 

Асноўнай перашкодай для многіх чарнігаўцаў сталі кошты на квіткі. Яны скардзіліся, што 100 грыўнаў (150 гр. - у дзень канцэрту) занадта вялікі кошт, а для многіх проста непад’емны.

 

“Гэта вельмі вялікія кошты на квіткі! – шкадавалі яны. – Чарнігаў і вобласць – самыя бедныя ва Украіне, а тут такія кошты!” 

 

Для беларусаў, якія планавалі выезд загадзя ў рамках арганізаваных бас-тураў, кошт квітка складаў 60 тысяч. А вось 150 грывень пры пераліку на беларускія грошы – гэта ўжо каля 100 тысяч рублёў.

 

 

Беларусы ж зноў даказалі, што здольныя забяспечыць “яўку” на канцэрт любімага гурта і за межамі краіны. На канцэрце ў Чарнігаве было не менш за 60% беларусаў: з Мінску, Брэста, Гомеля, Магілёва, Бабруйска. Многія дабіраліся спецыяльнымі аўтобусамі ў межах бас-тураў, іншыя – на ўласным транспарце, аўтастопам. 

 

 

Тыя, хто не знайшлі грошы на ўваход, спрабавалі паглядзець на музыкаў любымі дасяжнымі сродкамі: то тут, то там, на цагляных сценах амфітэатра ўзнікалі цэлыя “галёркі” з фанатаў. Іх зганяла ахова, але яны праз пэўны час з’яўляліся зноў. 

 

Падчас канцэрту Міхалок выказаўся і наконт палітычнага адцення творчасці гурта і вялікага тура “Вясёлыя карцінкі”. Ён сказаў, што музыканты не ставілі сабе пэўных палітычных мэтаў, але калі беларускія ўлады пачалі сваю кампанію па забароне канцэртаў у Беларусі, то і музыкі вырашылі аб’явіць уладам культурную вайну! 

 

“Мы не спынімся! – канстатаваў Міхалок. – Мы пераможам! (…) Хай Жыве Беларусь і Жыве Украіна!”.

 

 

Украінцы разам з беларускім натоўпам крычалі “Беларусь Freedom”, а ў перапынках скандавалі “Жыве Беларусь!”. Побач з беларускімі сцягамі луналі і ўкраінскія. 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі