Магілёўскія пенсіянеры дзеля эканоміі ўключаюць толькі халадзільнік?

130110_savich_ekonom.mp3

“У мяне ў кватэры настолькі святла хапае ад ліхтароў, і з аднаго боку, і з другога — у мяне столькі святла, што дзе лішняе, я не ўключаю”, — кажа пенсіянерка з Магілёва Елізавета Фёдараўна. За месяц у жанчыны нагарае не болей за 40 кілават-гадзін. Да прыкладу, сучасны халадзільнік за месяц выпальвае менавіта 30-40 кілават.

 

Ці будзе ўводзіцца ліміт на электраэнергію, Еўрарадыё ў Мінэнерга адказаць не могуць нават сёння — канчатковага рашэння няма. Тут спрачаюцца: уводзіць ліміт не болей за 150 кВт/гадзін ці паступова павышаць кошты на энергію. Магілёўская пенсіянерка паліць амаль у чатыры разы меней.

А вось у Магілёве да Году беражлівасці рыхтаваліся яшчэ тры гады таму. З ініцыятывы Магілёўскага гарвыканкама тут праводзілася гульня “Эканомія электраэнергіі ў быце”. Удзельнікі мусілі паказаць самыя маленькія паказчыкі па ўжыванні электраэнергіі за год. За гэта самым эканомным давалі грашовую прэмію.

Супрацоўнікі магілёўскага Інфармацыйна-кансультацыйнага цэнтра па энергазберажэнні кажуць, што ўдзельнікі эканомілі да абсурду:

 

“Адна пажылая пара, якія сядзелі ў цемры, тэлевізар не глядзелі, слухалі радыё. Хадзілі глядзець тэлевізар да дачкі, там жа і прасавалі. У іх ці не 4 кілават-гадзіны за год мо было. Гарвыканкам, канечне, іх узнагародзіў. Але гэта ўсё больш падобна да кроку назад у развіцці”.

 

Як даведалася Еўрарадыё, дзеля перамогі магілёўцы прасавалі не электрычнымі прасамі, а… на вуглях! І нават абкладвалі халадзільнік ватай!

 

“…маўляў, калі без ваты — халадзільнік аддае цяпло, а калі яго ватай абкласці — тады ён будзе лепей зберагаць холад. Хаця я асабіста думаю, што гэта лухта”, — кажа спецыяліст Магілёўскага цэнтра па энергазберажэнні.

 

У самім Цэнтры таксама пачалі эканоміць — выключаюць маніторы падчас абедзеннага перапынку і зусім выключаюць камп'ютарную тэхніку, нават з рэжыму чакання, пасля сыходу з працы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі