Любоў Кавалёва: Сказала сыну тэлевізар не глядзець і газет не чытаць

111202 Kavalova.mp3

2 снежня Любоў Кавалёва атрымала спатканне з сынам. Пра тое, як змяніўся Улад за час знаходжання за кратамі, ці збіраецца ён пісаць прашэнне аб памілаванні, ці чытае лісты з дома і што ўвогуле робіць у вольны час, Любоў Іванаўна распавяла Еўрарадыё.

Любоў Кавалёва: 1-га снежня я атрымала дазвол на спатканне. А 2-га з самай раніцы, да 9-й гадзіны, пайшла, каб атрымаць пропуск. Я чакала вельмі доўга ў бюро пропускаў, дзве ці дзве з паловай гадзіны. І толькі пасля за мной прыйшлі.

Еўрарадыё: Напярэдадні пісалі, што спатканне будзе доўжыцца пяць гадзінаў…

Любоў Кавалёва: Не, там не пяць гадзінаў. Умова такая — да трох гадзінаў. Але мне чамусьці далі толькі паўгадзіны. Вельмі хутка гэты час мінуў… Такое ўвогуле вельмі хутка мінае, заўсёды.

Еўрарадыё: Якія вашыя ўражанні ад таго, як выглядае сын?

Любоў Кавалёва: Вельмі худы. Схуднеў вельмі. Змяніўся колер валасоў, ён пацямнеў. І я пабачыла ў яго на руках сляды ад нейкіх прадметаў. Я не ведаю, наручнікі гэта ці не… Але скура вось тут, на руках [паказвае на запясці. — Заўв. Еўрарадыё] такая… Крыху сабраная. І я так зразумела, што іх круглыя суткі трымаюць у наручніках. Бо калі б гэта мела часовы характар, не было б такіх слядоў.

Еўрарадыё: Спатканне адбывалася праз шкло?

Любоў Кавалёва: Так, мы размаўлялі праз тэлефонную трубку. Але за маёй спінай стаяў, здаецца, начальнік СІЗА. Нягледзячы на тое, што там паўсюль камеры і тэлефон праслухоўваецца, за маёй спінай стаяў чалавек. Калі мяне туды прывялі, я трапіла ў пакой, дзе праводзяцца допыты. І зачынілі там. А Улада прывялі ў пакой для наведванняў. Інструктавалі, і гэта было вельмі чуваць, бо там вельмі тонкія сцены… пасля туды запрасілі мяне. Мінулым разам усё было не так: я была ў пакоі для спатканняў, і туды прывялі Улада. Натуральна, мне сказалі, што нельга размаўляць ні пра суд, ні пра што-небудзь іншае такое. Толькі пра бытавыя рэчы. Але я ўсё роўна сыну сказала, што мы за яго змагаемся. І не толькі мы — увесь свет змагаецца. Я сказала яму гэта.

Еўрарадыё: То бок, ён пра петыцыю ведае?

Любоў Кавалёва: Я не магу дакладна сказаць, ведае ці не. Ён сказаў, што тэлевізар у камеры ёсць. Але ж вы добра разумееце, што беларускае тэлебачанне можа нам паказаць… Пра ўсё, што прыемнае, можна было казаць. Ён распавёў, што ёсць тэлевізар, што кнігі чытае. Што аднаму з вязняў выпісваюць “Аргументы и факты”. Але я сказала яму, каб беларускае тэлебачанне не глядзеў і газеты не чытаў. Ён сказаў, што будзе чытаць кнігі. І што, па магчымасці, кнігі мяняюць.

Еўрарадыё: Што ён чытае?

Любоў Кавалёва: Казаў, што з большага там фантастыка.

Еўрарадыё: Дзе ён будзе знаходзіцца ў бліжэйшы час? Куды будуць пераводзіць?

Любоў Кавалёва: Мне не сказалі, куды. Але Уладу сказалі, што будуць пераводзіць. І ён чакае. Але калі і куды — таксама не ведае.

Еўрарадыё: Што ён казаў вам, што распавядаў?

Любоў Кавалёва: Ён шмат пытаўся пра дом, пра сяброў…

Еўрарадыё: Дарэчы, як адрэагавалі на прысуд сваякі і сябры?

Любоў Кавалёва: Для сваякоў гэта быў удар. І для сяброў таксама… Вельмі цяжка гэта, вельмі цяжка, і для яго, і для мяне. Таму на спатканні больш імкнулася казаць я, каб самой не расплакацца. Я спрабавала трымацца, але вы зразумейце — стрымаць гэта немагчыма. Я запыталася, ці напісаў ён адвакату. Але ён адказаў, што не далі спатканне з адвакатам. А нашых лістоў яму не перадаюць — мы зразумелі гэта па тых сціплых лістах, якія ён прыслаў. За ўвесь працэс — два кароткія лісты і паштоўку да Дня матулі. А мы, калі пішам лісты, мы абавязкова пытаемся нешта такое, спецыфічнае. І калі ён адказвае і згадвае пра гэта — мы бачым, што ён атрымаў ліст. Але ён не адказваў. Пісала дачка, пісалі сябры, пісала я. Па два-тры лісты за тыдзень мы адпраўлялі. Але ён іх не атрымліваў.

Еўрарадыё: Вы да прэзідэнта з просьбай памілаваць сына ўжо звярнуліся. А ён сам, ці плануе пісаць гэтае прашэнне аб памілаванні, якое, па чутках, дамагаюцца ад іншых вязняў у беларускіх турмах?

Любоў Кавалёва: Я думаю, нас гэта таксама кранецца. Улад будзе пісаць. Але складаць ліст будзе з адвакатам. Вы самі разумееце, што памілаванне можа быць розным… Адна справа — прызнаць віну. І па-іншаму можа быць. Таму такія рэчы трэба вырашаць толькі з адвакатам.

Еўрарадыё: Але ж доступу да адваката пакуль няма.

Любоў Кавалёва: Пакуль так. Але мы будзем спрабаваць. Калі так і не дадуць магчымасці з адвакатам паразмаўляць…

Еўрарадыё: Будзе пісаць сам?

Любоў Кавалёва: Так.

Нагадаем, выбух на станцыі метро "Кастрычніцкая" у Мінску адбыўся 11 красавіка. У яго выніку загінула 15 чалавек, каля 200 лічацца пацярпелымі. На наступны дзень Генпракуратура прызнала здарэнне тэрактам. Абвінавачанні ў яго здзяйсненні былі прад'яўленыя Дзімтрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.

Суд па справе аб тэракце пачаўся 15 верасня. 30 лістапада быў агучаны прысуд: смяротнае пакаранне для абодвух абвінавачаных. Канавалава прызналі вінаватым у падрыхтоўцы і здзяйсненні тэракта. Кавалёва — у тым, што дапамагаў Канавалаву, а таксама ў тым, што ведаў пра падрыхтоўку тэракта, але не паведаміў пра гэта.

На фота: Любоў Кавалёва.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі