Кулінковіч працуе над новым альбомам — "Жаба"

Гурт Neuro Dubel адзначае свой дзень народзінаў. Нагадаем, ён быў заснаваны 17 ліпеня 1989 года. З гэтай нагоды сёння адбудзецца канцэрт у сталічным клубе “Графіці” (пачатак а 19-й гадзіне). Еўрарадыё паразмаўляла з Аляксандрам Кулінковічам у жывым эфіры.

Еўрарадыё: Віншуем вас! 22 гады — гэта такі ўзрост!

Кулінковіч: “Дзякуй! Тое, што нам так многа — гэта ў чымсьці нават жудасна. Столькі ўсяго: і кепскага і добрага. Настальгія па старых часах прысутнічае, як пэўна ў гэтым узросце, калі чалавек старэе, калі гурт старэе. Пакуль мы сталеем яшчэ, мы не пачалі старэць”.

Еўрарадыё: Вы 22 гады з Neuro Dubel, калі шчыра, ці не надакучыла, можа хацелі б зрабіць уласны праект ці зайграць нешта іншае?

Кулінковіч: “Увогуле не цяжка. Я вельмі люблю гэтага майго дзіцёнка. А думкі, каб стварыць яшчэ нейкі праект, узнікалі неаднаразова. Разбівалася гэта аб вельмі простую рэч: нейкія ідэі, якія ўзнікалі паралельна гурту “Нейрадзюбель”, было шкада аддаваць куды-небудзь, акрамя як гурту. І ўсё роўна, ўсе прыходзіла да таго ж гурта. Я лічу, што ў апошні час мы самі крыху змяняемся, можам сабе дазволіць нейкія эксперыменты ў рамках гурта. Але, на маю думку, ад нас зараз чакаюць менавіта тых песняў, якія ўжо склаліся. А пэўныя рэчы, якія мы лічым эксперыментальнымі, яны праходзяць па-за ўвагай.
У нас свой стыль выпрацаваны. Мы доўга шукалі, але мы яго знайшлі. А нейкія ідэі можа з’явяцца, але яны будуць з боку, як была ідэя з “Крамбамбуляй”.

Еўрарадыё: Які быў самы складаны этап для гурта за гэты час?

Кулінковіч: “Напэўна той перыяд, 2003 год, калі фактычна цалкам змяніўся склад гурта. Ён адначасова быў і самым складаным і самым цікавым, самым незвычайным. Тады засталіся толькі я і барабаншчык. Я вельмі рады, што быў гэты перыяд. Бо менавіта тады адбыўся пералом, менавіта тады гурт пачаў вельмі моцна расці. Тыя людзі, якія граюць у гурце зараз, для іх гурт — гэта ўсё жыццё”.

Еўрарадыё: Які быў самы кранальны момант за гісторыю гурта, самае вялікае перажыванне з Neuro Dubel?

Кулінковіч: “Такога аж "вялікага" пэўна не было. Я быў вельмі шчаслівы, нават не ведаю, якое слова падабраць, калі атрымаў карону. Нашу першую галоўную рок-карону, якую нам ўручаў Мулявін. Тады рок-каранацыя мела іншую вагу, гэта канец 90-х, за яе перажывалі, за яе змагаліся... І тое, што мы гэтага дамагліся і што нам яе ўручаў такі чалавек, які для нас з’яўляецца кумірам — гэта было адчуванне неверагоднага шчасцця. Прычым такое моцнае, што я пасля атрымання рок-кароны, сядзеў у грымёрцы і плакаў. Як дзяўчынка ў кіназале, рыдаў, а не плакаў”.

Еўрарадыё: Можа вернемся да сучаснасці. Што вы прадставіце публіцы на бліжэйшых канцэртах? Будзе нешта накшталт “лепшае за 22 гады”?

Кулінковіч: “У нас гэтыя маленькія канцэрцікі,  якія будуць прысвечаны дню нараджэння гурта, расцягнуты на тры. Мы зараз не можам зрабіць вялікі канцэрт, з прычынаў, якія вы ведаеце. Таму гэта будзе 2 канцэрты ў “Графіці”: адзін будзе сёння, другі — 25-га. Мы на іх будзем адзначаць дзень нараджэння гурта і будзем граць нейкія песні, якія сталіся знакавымі. Тое ж будзе на “Басовішчы”. І 19 жніўня — гэта будзе фінальны акорд, і мы там будзем прадстаўляць нейкія песні, якія, магчыма, забыліся, бо новыя альбомы яны выціскаюць старыя песні. Таксама мы прадставім некалькі новых песняў, якія ніхто нідзе яшчэ не чуў”.

Еўрарадыё: Можа раскрыеце сакрэт, калі чакаць новага альбома ад Neuro Dubel?

Кулінковіч: “Мы думалі, што напрыканцы восені, але зараз так атрымліваецца, што зараз вельмі кепска з рэпетыцыямі — нехта з’язджае, усе ўжо не хлапчукі, ва ўсіх ёсць сем’і. Але можа яно так і будзе — выйдзе плыта восенню. Альбом у дадзены момант пішацца. Для яго ўжо ёсць працоўная назва”.

Еўрарадыё: Можа і працоўную назву нам здадзіце?

Кулінковіч: “Жаба”.

Еўрарадыё: “Жаба”? Чаму жаба?

Кулінковіч: “Я ўвогуле вельмі люблю лягушак і жаб. Увогуле вельмі мала хто ведае, чым адрозніваецца жаба ад лягушкі. Я магу вам нават сказаць. Радыё ж павінна быць пазнавальнай штукай. Жаба ад лягушкі адрозніваецца ўсяго толькі даўжынёй лапак. У лягушкі яны доўгія — яна можа скакаць. А ў жабы яны кароткія і яна можа толькі поўзаць. Таму жаба для мяне яшчэ такая штука, якая, нібыта, і народжаная для такога маленькага палёта (бо скок — гэта таксама палёт), але, тым не менш, яна поўзае. Можа назва яшчэ і зменіцца. Але пакуль такая працоўная назва”.

Фота: wikipedia.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі