Куды падзелася беларуская грэчка?

Знайсці беларускую грэчку ў крамах цяпер складана. Хаця Міністэрства сельскай гаспадаркі і сцвярджае, што сёлета беларуская грэчка ўрадзіла!

“Пасевы грачыхі павялічыліся. Попыт унутранага рынка будзе задаволены ў поўным аб'ёме”, — запэўнівае намеснік міністра Васіль Паўлоўскі.

У фірме “Дабрада” кажуць, што апошні завоз быў яшчэ з мінулага ўраджаю.

Дабрада, Брэст: “Беларускай няма, была імпартная, але на дадзены момант няма і імпартнай.У прынцыпе, як пайшоў працэс па падаражанні грэчкі, так яе ў нас і не было, ужо даўно. У нас была або украінская, або расійская.У нас разумееце як, дзе мы зможам узяць, там і бяром”.

Няма беларускай грэчкі і ў “Крупяным доме “Ракан”, кажа загадчыца аддзела закупак Вольга Цагельская.

“У нас два заводы ў Беларусі гродзенскі і гомельскі, яны робяць грэчку з нашай грачыхі. Але мы працуем на расійскай грэчцы. Нам беларускую грэчку не даюць. Яна паступае ў дзяржаўны гандаль па разнарадках”.

З восені мінулага года вытворцы адгружаюць грэчку выключна па разнарадцы Мінгандлю — у дзіцячыя сады, школы, бальніцы і г.д. Але, куды знікае грэчка, якая ідзе ў гандаль?

“Нам адгружаюць беларускую грэчку”, — сцвярджаюць у "Белбакалеі".

Тэлефануем у “белбакалееўскую” краму №3 “Малдова”.

Крама №3: “Фасоўка наша, але грэчка расійская”.

Еўрарадыё: А ці бывае беларуская ўвогуле?

Крама №3: “Ой не, у нас толькі адзін від, і ён так доўга прадаецца. Цана 20 тысяч!”

Пасля доўгіх пошукаў усё ж такі знаходзім беларускую грэчку ў краме №4, што належыць да “Белбакалеі”.

Крама №4: “Ёсць. 16 з хвосцікам каштуе 900 грамаў”.

Адпускная ж цана крупаў — трошку больш за 10 тысяч. Расказвае дырэктар гомельскага камбіната хлебапрадуктаў Міхаіл Белашыцкі:

“Мы адпускаем па 10 тысяч. 10 090 адпускная цана. Потым гандлёвая надбаўка. Па разнарадцы міністэрства гандлю буйным прадпрыемствам гандлёвым, для абслугоўвання і гандлю і закрытых установаў у першую чаргу”.

Вытворцы грэчкі запэўніваюць, што адпускаюць крупы толькі ўнутры Беларусі. Буйныя гандлёвыя прадпрыемствы сцвярджаюць, што яе атрымліваюць! Але куды яна знікае далей? Магчыма, частка нашай грэчкі ўсё ж ідзе за мяжу, дзе кошты вышэйшыя?


Еўрарадыё падорыць кілаграм грэчкі таму з нашых слухачоў, хто знойдзе беларускія крупы і дашле іх фота (разам з адрасам крамы) на e-mail: [email protected]

Толькі, цур, не жульнічаць і не дасылаць фота мінулагодняй грэчкі! ;)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі