Колькасць паліва ў баку мытнікі вымяраюць відэаэндаскопам і сумленнем

111122 Luka6uk Paliva_0.mp3

Толькі двойчы можна паспець з’ездзіць на сваім аўто за мяжу, маючы страхоўку на 15 дзён, якая па-ранейшаму каштуе 30 еўра. Калі часцей — трэба дэклараваць і плаціць пошліну за ўсё паліва, што ёсць у баку. І ўсё дзякуючы пастанове Саўміна, паводле якой без выплаты пошліны выязджаць у краіны ЕС ды Украіну можна будзе не часцей за адзін раз не ў 5, а ў 8 дзён.

Вось толькі павялічыць тэрмін дзеяння "замежнай" страхоўкі на аўто або прадаваць яе на меншую колькасць дзён страхоўшчыкі не могуць. І гэта, прызнаецца Еўрарадыё начальнік упраўлення транспартнага страхавання "Белдзяржстраха" Сяргей Грыбок, не ад іх жадання залежыць.

Сяргей Грыбок: “Гэта міжнародная сістэма “зялёная карта” — дакументы прымаюцца Саветам бюро, штаб-кватэра знаходзіцца ў Лондане і імі вызначаны мінімальны тэрмін дзеяння страхоўкі 15 дзён. Тут мы нешта змяніць не ў стане”.

Тое ж тычыцца і платы за страхоўку — кошт яе ўстаноўлены адпаведным указам кіраўніка дзяржавы.

Такім чынам тым, каму неабходна выязджаць за мяжу часцей, застаецца адно — дэклараваць колькасць паліва ў баку і плаціць за яго пошліну. Дарэчы, дэклараваць у такім выпадку давядзецца і адсутнасць паліва ў баку.


Вось тут пачынаюцца праблемы. Рэч у тым, што замераць колькасць бензіну і прыняць за яго плату немагчыма адразу на мяжы. Для гэтага, распавядае Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Мытнага камітэта Ігар Пяшко, трэба ехаць у адмысловыя пункты мытнага афармлення.

Ігар Пяшко: “Вызначаны пералік пунктаў мытнага афармлення, куды можна звярнуцца і падаць дэкларацыю. Усе рэквізіты, усе плацяжы там разлічваюцца”.

А гэта — бліжэйшы да мяжы раённы цэнтр. Вось толькі нават у гэтых адмысловых пунктах мытнага афармлення да гэтага часу няма прыбораў для замеру колькасці паліва ў баку. Ігар Пяшко кажа, што... яны мытнікам і не патрэбныя!

Ігар Пяшко: “А для гэтага не трэба прыборы замеру — там вызначаны парадак. Казаць, якім чынам гэта робіцца, гэта пытанні мытнага органа — якім чынам вызначыць колькасць. І той асобы, якая дэкларуе гэтае паліва. Асоба ведае, колькі яна павінна задэклараваць, і, у прынцыпе, асоба нясе адказнасць за праўдзівасць тых дадзеных, якія падаюцца мытнаму органу”.

Выглядае на тое, што ўсё будуецца на даверы: аўтааматар кажа праўду, колькі ў яго паліва заліта, мытнік верыць на слова і накіроўвае аплаціць. Пры гэтым назваць кошт задэклараванага літра паліва прэс-сакратар Мытнага камітэта не здолеў.

Ці сапраўды толькі словам аўтааматара вылічваецца колькасць паліва ў баку машыны, Еўрарадыё цікавіцца ў начальніка аддзела арганізацыі мытнага кантролю Ашмянскай мытні Наталлі Канановіч. Але і яна даводзіць Еўрарадыё, што хлусіць мытніку нельга.

Наталля Канановіч: “Кажуць праўду тыя, хто выязджае. Вы ж разумееце, што такога нельга рабіць, гэта недапушчальна і ніхто нікога не падманвае, і ніхто нікому не хлусіць”.

А пасля чарговай спробы даведацца, ці маюць супрацоўнікі іх мытні прыбор для вызначэння колькасці паліва ў баку, і ўвогуле раіць... не ездзіць так часта на машынах.

Наталля Канановіч: “Каму трэба часцей — могуць перасоўвацца іншымі відамі транспарта. Вы ж разумееце, што пастанова была накіраваная на тое, каб пэўная катэгорыя асоб не вывозіла паліва”.

Арыгінальны сродак вылічваць колькасць паліва ў баку вынайшлі супрацоўнікі Пінскай мытні. Паводле словаў начальніка аддзела арганізацыі мытнага кантролю Віталя Носава, робяць яны гэта з дапамогай відэаэндаскопа. Гэта нешта накшталт... медыцынскага зонда.

Віталь Носаў: “Гэта відэаэндаскоп. Вось, як ідзе даследаванне страўніка ў чалавека. Адпаведна і мы з дапамогай гэтага прыбора можам упэўніцца на ўласныя вочы — у грамадзяніна чвэрць бака, як паказвае датчык, ці там поўны бак”.

Вось толькі і з дапамогай гэтай прылады вызначыць да літра колькасць паліва ў баку немагчыма. Толькі сказаць — чвэрць там, палова ці ён поўны. Таму фактар веры на слова і тут прысутнічае.

Супрацоўнік Пінскай мытні здолеў згадаць толькі адзін выпадак, калі чалавек заплаціў за паліва ў баку. Таму не адразу здолеў сказаць, колькі гэтая пошліна складае. У выніку высветліў, што за літр дызеля трэба плаціць 30 цэнтаў, а бензіну — 42 цэнты.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі